Пошук

Леў XIV ў Пампеях: давярайце Езусу, які заўсёды побач

Папа распачаў свой пастырскі візіт у Пампеі з сустрэчы з прадстаўнікамі дабрачынных цэнтраў, якія дзейнічаюць у санктуарыі Маці Божай Ружанцовай. Ён паразмаўляў з духавенствам, валанцёрамі, выхавацелямі і людзьмі, якія атрымліваюць дапамогу, заклікаўшы іх давяраць Езусу, як сябру, які ніколі не пакідае.

Марыя Валодзіна - Vatican News

8 мая 2026 года, у першую гадавіну свайго абрання Біскупам Рыма, Леў XIV накіраваўся з пастырскім візітам у Пампеі і Неапаль. Праграма візіту ўключае наведванне санктуарыя Маці Божай Ружанцовай у Пампеях, цэлебрацыю святой Імшы і малітву ў інтэнцыі міру. Першай падзеяй стала сустрэча з прадстаўнікамі дабрачынных цэнтраў пры пампейскім санктуарыі, а таксама з людзьмі, якія атрымліваюць іх падтрымку.

Па слядах святога Бартала Лонга

Звяртаючыся да іх, Папа адзначыў, што прыбыў у марыйны санктуарый па слядах святога Бартала Лонга, які называў Пампеі "месцам любові, якая сагравае сэрца","трыумфам веры і міласэрнасці". У гэтай святыні штодзённа адчуваецца сіла Уваскрасення Хрыста, якая праз міласэрнасць аднаўляе сэрцы і вядзе да евангельскага жыцця.

Храм веры і міласэрнасці

У гэтым месцы “храм міласэрнасці” і “храм веры” падтрымліваюць адзін аднаго: малітва натхняе на гасціннасць, клопат, служэнне і самаадданую працу валанцёраў у адукацыйных цэнтрах, сямейных дамах і сталовай для бедных, названай у гонар Папы Францішка. Міласэрнасць тут творыць цуды, якія выходзяць далёка за межы чалавечых намаганняў: яна дапамагае як тым, хто пакутуе фізічна, так і тым, хто пакутуе духоўна, - сказаў Святы Айцец.

Ружанец – “нябачны рухавік” святыні

Папа надаў асаблівую ўвагу малітве, асабліва Ружанцу, назваўшы яе падмуркам святыні і горада, “нябачным рухавіком”, які робіць магчымым усё астатняе. Ён заклікаў вернікаў “заўсёды захоўваць жывой і распаўсюджваць гэтую старажытную і прыгожую пабожнасць, дзякуючы якой мы сузіраем таямніцы жыцця Езуса простымі і матчынымі вачыма Марыі, і тое, што Ён здзейсніў, пранікае ў нашыя сэрцы і змяняе наша жыццё.

Звяртаючыся да супрацоўнікаў і валанцёраў дабрачынных цэнтраў, Папа заклікаў іх будаваць сваё жыццё па наступнаму плану: быць людзьмі малітвы і міласэрнасці, каб, нібы чыстыя і пакорлівыя люстэркі, адлюстроўваць святло Божае, а для моладзі быць надзейнымі прыкладамі і мудрымі настаўнікамі.

Пасланне моладзі

Дзяцей і моладзь Леў XIV заахвоціў давяраць тым, хто з любоўю клапоціцца пра іх рост, і яшчэ больш заўсёды давяраць Езусу Хрысту, Сыну Божаму, Укрыжаванаму і Уваскросламу, Які дае збаўленне. Папа падкрэсліў, што Езус – гэта сябар, які ніколі не пакідае, брат, які разумее і заўсёды ідзе побач. “Дазвольце сабе захапіцца радасцю Яго слоў і прыкладу, і абвяшчайце яе ўсім. Наш свет вельмі гэтага патрабуе, а вы, якія добра ведаеце Яго, дзякуючы сваёй свежасці і шчырасці можаце стаць найбольш пераканаўчымі сведкамі”, - заахвоціў моладзь Пантыфік.

Святы Айцец назваў Пампеі “месцам ласкі”, дзе Маці Божая Ружанцовая і святы Бартала Лонга збіраюць людзей усіх узростаў і паходжання, каб весці іх да адзінай крыніцы той універсальнай любові, якая можа даць свету спакой і згоду – да Бога. “Давайце моцна трымацца за Яго, даручаючы Яму праз рукі Марыі ўсё чалавецтва, будучы ўпэўненымі, што з дапамогай Яго ласкі нас нічога не зможа спыніць на шляху дабра, а надзея на мірную будучыню, тут і паўсюль, споўніцца”.

Напрыканцы звароту Папа падзякаваў дабрачынцам за працу, паабяцаў успамінаць іх у сваіх малітвах, даручыў заступніцтву Маці Нябеснай і святога Бартала і благаславіў іх.

Леў XIV вітае моладзь у Пампеях
Леў XIV вітае моладзь у Пампеях   (@Vatican Media)
08 мая 2026, 09:57