Леў XIV: літургія падтрымлівае Касцёл і выяўляе яго веру
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Працягваючы цыкл катэхез аб дакументах Другога Ватыканскага Сабору, Леў XIV пачаў разважанне над канстытуцыяй пра святую Літургію “Sacrosanctum Concilium”, прынятай у 1963 годзе.
“Распрацоўваючы гэту канстытуцыю, айцы Сабору хацелі не толькі правесці рэформу абрадаў, але і прывесці Касцёл да сузірання і больш глыбокага разумення той жывой сувязі, якая яго стварае і яднае: таямніцы Хрыста. Літургія, па сутнасці, закранае самае сэрца гэтай таямніцы: яна адначасова з’яўляецца прасторай, часам і кантэкстам, у якім Касцёл атрымлівае ад Хрыста сваё ўласнае жыццё. У літургіі “здзяйсняецца справа нашага адкуплення”, якая робіць нас выбраным родам, святым народам, які Бог узяў сабе ва ўласнасць”, - адзначыў Святы Айцец.
Пантыфік заўважыў, што Літургія пагружае нас у таямніцу збаўчай Божай задумы, “схаванай ад вякоў і адкрытай у Хрысце”. Гаворка ідзе пра пасхальную падзею мукі, смерці, уваскрасення і праслаўлення Хрыста, якая менавіта ў літургіі становіцца для нас сакрамэнтальна прысутнай.
Леў XIV падкрэсліў, што “сам Хрыстус з’яўляецца ўнутраным пачаткам таямніцы Касцёла, святога Божага народа, народжанага з Яго прабітага боку на крыжы”. “У святой Літургіі сілай свайго Духа Ён працягвае дзейнічаць. Ён асвячае і далучае Касцёл, сваю Нявесту, да сваёй ахвяры Айцу. Ён здзяйсняе сваё абсалютна выключнае святарства – прысутнічае ў абвешчаным слове, сакрамэнтах, служыцелях, якія цэлебруюць, у сабранай супольнасці і, найвышэйшым чынам, у Эўхарыстыі. Так, паводле святога Аўгустына, цэлебруючы Эўхарыстыю, Касцёл “прымае Цела Пана і становіцца тым, што прымае”: становіцца Целам Хрыста, “жыллём Бога ў Духу”. Гэта і ёсць “справа нашага адкуплення”, якая ўпадабняе нас Хрысту і будуе нас у еднасці”, - сцвердзіў Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што “ў святой Літургіі гэтая еднасць ажыццяўляецца “праз абрады і малітву”. “Абрадавасць Касцёла выражае яго веру – паводле вядомага выслоўя “lex orandi, lex credendi” – і адначасова фармуе касцёльную тоеснасць: абвешчанае слова, цэлебрацыя сакрамэнтаў, жэсты, маўчанне, прастора – усё гэта прадстаўляе і фармуе народ, скліканы Айцом, Цела Хрыста, Святыню Духа Святога. Таму кожная цэлебрацыя становіцца сапраўднай эпіфаніяй Касцёла, які моліцца, як нагадаў святы Ян Павел ІІ (Vicesimus quintus annus, 9)”, - сказаў Пантыфік.
Папа адзначыў, што “Літургія служыць таямніцы Хрыста”, і таму канстытуцыя “Sacrosanctum Concilium” называе яе “вяршыняй, да якой скіравана дзейнасць Касцёла, і адначасова крыніцай, з якой выцякае ўся ягоная сіла” (10). Кожная дзейнасць Касцёла – прапаведаванне, служэнне бедным, суправаджэнне чалавечай рэальнасці – скіроўваецца да гэтай вяршыні, - падкрэсліў Святы Айцец.
“Літургія падтрымлівае вернікаў, зноў і зноў пагружаючы іх у Пасху Пана, і таму праз абвяшчэнне Божага слова, цэлебрацыю сакрамэнтаў і супольную малітву яны атрымліваюць новыя сілы, падтрымку і абнаўленне ў сваім жыцці верай і місіі. Іншымі словамі, удзел вернікаў у літургічным дзеянні адначасова з’яўляецца “ўнутраным” і “знешнім”, - дадаў Леў XIV.
Папа заўважыў, што Літургія стварае “этычную і духоўную дынаміку”, таму “ператвараецца ў жыццё і патрабуе вернага існавання, здольнага ўвасабляць тое, што было перажыта ў цэлебрацыі”.
“Літургія штодня будуе з членаў Касцёла святую святыню ў Пану” і фармуе супольнасць, адкрытую і гасцінную для ўсіх, бо ў ёй жыве Дух Святы, які ўводзіць нас у жыццё Хрыста, робіць нас Яго Целам і ва ўсіх сваіх вымярэннях з’яўляецца знакам еднасці ўсяго чалавечага роду ў Хрысце. Як казаў Папа Францішак, “свет яшчэ не ведае гэтага, але ўсе пакліканыя на вясельную вячэру Баранка” (Desiderio desideravi, 5)”, - нагадаў Леў XIV, заклікаўшы вернікаў дазволіць фармаваць сябе праз літургічныя абрады, сімвалы, жэсты, а ў першую чаргу праз жывую прысутнасць Хрыста.
