Пошук

Леў XIV: служыць Касцёлу як евангелізатары, а не як гледачы

Абвяшчаць Хрыста, будаваць масты, наладжваць сувязі, прапаноўваць гасціннасць і дапамогу ўсім, хто мае патрэбу ў падтрымцы, заклікаў Папа супрацоўнікаў італьянскага епіскапату.

Марыя Валодзіна - Vatican News

2 мая 2026 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане супрацоўнікаў Канферэнцыі Біскупаў Італіі з сем’ямі. Ён падкрэсліў, што служэнне Касцёлу – гэта не проста выкананне службовых абавязкаў, а ўдзел у жыцці цела Хрыстова.

Пантыфік нагадаў пра тры ключавыя вымярэнні касцёльнай працы: служэнне, прыналежнасць і місію. Ён падзякаваў гасцям за адданасць, цярпенне і клопат пра працоўнае асяроддзе. “Гэта простыя рэчы, але карысныя для дабра ўсіх, і яны вялікія перад Богам. У жыцці Касцёла няма нічога малога, калі гэта робіцца з верай, любоўю і духам адзінства”, - адзначыў Папа, падкрэсліваючы важнасць штодзённай працы.

Служэнне Касцёлу – гэта не проста выкананне функцыі, але актыўны ўдзел у жыцці цела Хрыстова. Галавой гэтага цела з'яўляецца Пан, у якім кожная дзейнасць знаходзіць свой сэнс, нагадаў Леў XIV. Супрацоўнікі касцёльных структур не з’яўляюцца простымі назіральнікамі, але пакліканы актыўна ўдзельнічаць у евангелізацыі і будаванні адзінства. “Нявесце Хрыстовай нельга служыць як гледачы, а толькі з любоўю таго, хто ведае, што належыць да яе, звязаны з ёй сувяззю веры і еднасці, якая з'яўляецца перш за ўсё дарам ласкі, дарам ад Бога”, - сказаў Святы Айцец.

Леў XIV звярнуў асаблівую ўвагу на місію Касцёла ў эпоху вялікіх перамен. “Мы жывем у эпоху глыбокіх змен у сям'і, школе, на працы, у камунікацыі, у грамадскім жыцці, у перадачы веры, у тым ліку і ў Італіі”, - сказаў ён. У такой сітуацыі Касцёл павінен не замыкацца ў сабе і не баяцца, а шчодра прысвячаць сябе, каб Евангелле магло дасягнуць і асвятліць кожнага чалавека, з яго цяжкасцямі, пытаннямі і надзеямі, - адзначыў Папа.

Напрыканцы сустрэчы Леў XIV даверыў шлях італьянскага Касцёла апецы святых заступнікаў краіны: Францішка Асізскага і Кацярыны Сіенскай.

02 мая 2026, 13:52