Пошук

2025.12.22 Registrazione Videomessaggio 2025.12.22 Registrazione Videomessaggio  (@VATICAN MEDIA)

Леў XIV падтрымаў экуменічную малітоўную ініцыятыву за мір

У адказ на экуменічную ініцыятыву „Thy Kingdom Come“ („Прыйдзе Валадарства Тваё”) Леў XIV апублікаваў відэазварот, у якім звярнуўся да ўсіх вернікаў. Папа заклікаў хрысціян праз “словы веры і справы міласэрнасці” прычыніцца да стварэння новага свету, у якім будзе мір і адзінства.

Ян Глінскі

У звароце Святы Айцец указаў на сувязь паміж асабістай духоўнасцю хрысціяніна і сацыяльнай адказнасцю, а таксама нагадаў, што пошук праўды і аздараўленне “зламанага свету” могуць быць паспяховымі толькі ў сустрэчы з Богам.

Экуменічная ініцыятыва заключаецца ў тым, што ў перыяд паміж урачыстасцю Унебаўшэсця Пана і Спасланнем Духа Святога хрысціяне ва ўсім свеце будуць маліцца аб тым, каб як мага больш людзей прыняло хрысціянскую веру і зведала перамяняючую моц Духа Святога.

Толькі ў Богу чалавецтва знойдзе ўнутраны спакой

Пантыфік шматразова цытаваў навучанне святога Аўгустына, каб апісаць унутраны неспакой чалавецтва: “Часам мы спатыкаемся і забываем пра Бога і нашу патрэбу ў Яго прысутнасці, але ў глыбіні душы мы ведаем, што толькі Ён можа задаволіць нашыя найглыбейшыя жаданні і ўнутраны неспакой”. Працягваючы сваю думку, Леў XIV працытаваў святога Аўгустына: “Неспакойнае сэрца нашае, пакуль не знойдзе ў Табе спакою”.

Вера ва Уваскрослага – гэта не прыватная справа

Удзел Святога Айца ў дадзенай першапачаткова англіканскай ініцыятыве падкрэслівае ўзрастаючае экуменічнае супрацоўніцтва. Папа назваў экуменічны рух найважнейшым элементам глабальнай сацыяльнай згуртаванасці ў 2026 годзе.

Пантыфік заклікаў да пільнага хрысціянскага сведчання, таму што вера ва ўваскрасенне Пана – гэта не прыватная справа, але наадварот, павінна “абвяшчацца з адвагай”.

“З вялікай настойлівасцю мы ўсклікаем аб спаўненні прароцтва Ісаі: нараджэння Эмануіла, імя якога азначае “Бог з намі”, – дадаў Леў XIV. – Мы прагнем, каб Ён адкупіў нас ад нашых грахоў, нашай неразумнасці і ўсяго, што можа нам нашкодзіць. Мы прагнем, каб Ён аздаравіў тое, што зламанае ў нас і ў нашым свеце. Хоць мы ведаем, што Бог усемагутны і трансцэндэнтны, мы дастаткова адважныя, каб прасіць Яго сапраўды быць з намі – не далёка, а блізка”. Мы дастаткова адважныя, каб усклікнуць разам з прарокам: “О, калі б Ты разарваў нябёсы і сышоў!”

Навэнна “Прыйдзі Валадарства Тваё”

Дні навэнны “Прыйдзі Валадарства Тваё” – гэта асабліва спрыяльны час для малітвы, каб усе маглі адчуць збаўчую і вызваляльную любоў Бога, аб’яўленую ў Хрысце. Ён заклікаў нас абвяшчаць усім добрую вестку пра тое, што Езус уваскрос і што Яго сілай, уваскросшы разам з Ім, мы таксама можам нарадзіць новы свет – свет міру і адзінства.

Відэазварот Папы ў падтрымку экуменічнай малітоўнай ініцыятывы за мір
15 мая 2026, 10:06