Пошук

Імша ў Пампеях: няхай Бог суцішыць братазабойчую нянавісць

8 мая 2026 года ў Пампеях на плошчы каля санктуарыя Маці Божай Ружанцовай адбылася ўрачыстая Імша, якую ўзначаліў Леў XIV. У гаміліі ён заклікаў вернікаў нанова адкрыць радасць і моц ружанцовай малітвы, якая вядзе да Хрыста.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святы Айцец нагадаў словы “Велічае душа мая Пана”, якія вырываюцца з сэрца Марыі, калі яна прадстаўляе Альжбеце плод свайго ўлоння – Езуса, Збаўцу. Услед за Ёю пра Хрыста спяваюць Захарыя, бацька Яна Хрысціцеля, і Сімяон. Гэтыя тры спевы штодня вызначаюць рытм малітоўнай літургіі Касцёла – Літургіі гадзінаў. Яны ўяўляюць сабой позірк усяго чалавецтва, якое знайшло адказ на сваё прагненне Збаўлення.

Закладаючы першы камень санктуарыя на месцы, дзе ў 79 годзе пасля Нараджэння Хрыста Везувій пахаваў пад попелам сляды вялікай цывілізацыі, святы Бартала Лонга разам са сваёй жонкай заклаў асновы не толькі храма, але і цэлага марыйнага горада. Ён усведамляў, што сёння, як і ў часы старажытных Пампеяў, неабходна абвяшчаць Хрыста грамадству, якое аддаляецца ад хрысціянскіх каштоўнасцяў, - сказаў Леў XIV.

Служэнне пад апекай Марыі

“Роўна год таму, калі мне было даверана служэнне Наступніка святога Пятра, быў дзень малітвы да Божай Маці Ружанцовай у Пампеях. Таму я павінен быў прыбыць сюды, каб аддаць сваё служэнне пад абарону Найсвяцейшай Панны Марыі. Абраўшы імя Леў, я пайшоў па слядах Льва XIII, якому сярод іншых заслуг належыць і шырокае распаўсюджанне вучэння аб святым Ружанцы. Да ўсяго гэтага дадаецца нядаўняя кананізацыя святога Бартала Лонга, апостала Ружанца”, - патлумачыў Папа.

Ружанец - шлях да Хрыста

Пантыфік нагадаў, што сваім “так” Богу Панна Марыя паклала пачатак новай гісторыі Збаўлення, стаўшы адначасова Маці Божай – Theotòkos – і Маці Касцёла. Малітва Ружанца нараджаецца з гэтай гісторыі Збаўлення і вядзе вернікаў да сузірання Хрыста вачыма і сэрцам Маці. Паўтарэнне ў Ружанцы прывітання анёла “Вітай, Марыя!”, як рэха, праз стагоддзі вядзе чалавека да сузірання і праслаўлення Езуса.

Пантыфік назваў Ружанец “актам любові”, які праз пацеркі, адлюстраваныя на марыйным абразе сантуарыя, вядзе да Езуса і Эўхарыстыі, крыніцы і вяршыні ўсяго хрысціянскага жыцця. Ружанец мае марыйны твар, але хрысталагічнае і эўхарыстычнае сэрца, - падкрэсліў Папа.

Ружанец на працягу пакаленняў фармаваў вернікаў як простая і народная малітва, і ў той жа час здольнай да містычных вышынь, малітвай, якая з’яўляецца скарбніцай хрысціянскай тэалогіі. У цэнтры яе – Хрыстус і Яго святое Імя, праз якое прыходзіць Збаўленне, - заўважыў Леў XIV, дадаючы, што Ружанец лічыцца кароткім падсумаваннем Евангелля, бо дазваляе разважаць над рознымі момантамі жыцця Езуса.

Малітва і справы міласэрнасці

Калі ружанцовая малітва прамаўляецца свядома і з разважаннем, яна становіцца крыніцай любові да Бога і бліжняга. Гэта два бакі аднаго медаля, і праяўляцца такая любоў павінна не толькі на словах, але і ўчынкамі. Таму святы Бартала Лонга, заснавальнік санктуарыя ў Пампеях, быў апосталам Ружанца і адначасова апосталам міласэрнасці, клапаціўся пра сірот і дзяцей вязняў. Па словах Пантыфіка, Ружанец скіроўвае наш позірк на патрэбы свету, у прыватнасці, на дзве актуальныя патрэбы: падтрымку сям’і, якая церпіць ад аслаблення сужэнскіх сувязяў, і міру, які знаходзіцца пад пагрозай з-за міжнароднай напружанасці і гандлю зброяй.

Мір нараджаецца ў сэрцы

Папа зрабіў акцэнт на тэме міру. Войны, якія вядуцца ў многіх рэгіёнах свету, патрабуюць адноўленых высілкаў не толькі эканамічных і палітычных, але таксама духоўных і рэлігійных. Мір нараджаецца ў сэрцы, - нагадаў Леў XIV. “Нельга мірыцца з выявамі смерці, якія кожны дзень прапануюць нам хронікі навін. З гэтага cанктуарыя, фасад якога святы Бартала Лонга задумаў як помнік міру, мы сёння з верай узносім нашу малітву”, - сказаў Святы Айцец, просячы Марыю, каб праз Яе заступніцтва ад Бога сышла на свет шчодрая міласэрнасць, якая кране сэрцы, суцішыць крыўды і братазабойчую нянавісць, асветліць тых, хто нясе асаблівую адказнасць за кіраванне светам.

“Браты і сёстры, ніякая зямная моц не выратуе свет, а толькі Боская моц любові, гэтая Боская моц любові, якую Пан Езус адкрыў і даў нам. Верым у Яго, спадзяёмся на Яго, ідзём за Ім!” – завяршыў гамілію Леў XIV.

08 мая 2026, 12:45