Пошук

Пантыфік заклікаў Неапаль стаць будаўнічай пляцоўкай міру

Пастырскі візіт Льва XIV у Неапаль завяршыўся ў цэнтры горада – на плошчы Плебісцыту, дзе сабраліся каля 50 тысяч чалавек. Сустрэча прайшла ў святочнай атмасферы з музыкай і спевамі. Пантыфік звярнуў увагу на вострыя праблемы горада і заклікаў да сацыяльнага абнаўлення.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пантыфік падзякаваў неапалітанцам за цёплы прыём, які ён параўнаў з “абдымкамі” каланады Берніні на плошчы святога Пятра ў Ватыкане. Затым ён звярнуўся да прадстаўнікоў грамадзянскай улады, арцыбіскупа Неапаля кардынала Даменіка Батальі і жыхароў горада з заклікам да сацыяльнага абнаўлення, справядлівасці і міру.

Горад, пазначаны прыгажосцю і ранамі

Разважаючы над евангельскім урыўкам пра вучняў з Эмауса, Папа параўнаў іх стан са станам Неапаля — старажытнага міжземнаморскага горада, пазначанага адначасова і незвычайнай прыгажосцю, і глыбокімі ранамі, беднасцю і страхам. Падобна двум вучням, стомлены і расчараваны Неапаль мае патрэбу ў падтрымцы і блізкасці Езуса, а яго жыхары шукаюць адказ на пытанне: што на самой справе мае значэнне?

Леў XIV на плошчы Плебісцыту ў Неапалі
Леў XIV на плошчы Плебісцыту ў Неапалі   (@Vatican Media)

Папа адзначыў парадокс, з якім сутыкаецца Неапаль: турыстычны сектар расце, але гэта не вырашае праблемы беднасці. Застаюцца нявырашанымі такія праблемы, як няроўнасць у даходах, дрэнныя перспектывы працаўладкавання, недахоп паслуг, злачыннасць, беспрацоўе, адсеў вучняў са школ і іншыя. “Геаграфія няроўнасці” цяпер ахоплівае як цэнтр, так і перыферыю горада. У гэтым кантэксце больш чым калі-небудзь неабходныя дзеянні дзяржаўных інстытутаў, - падкрэсліў Святы Айцец.

Шматлікія героі

Пры гэтым многія неапалітанцы кожны дзень самааддана працуюць дзеля справядлівасці, праўды і годнасці. Іх намаганні не павінны заставацца ізаляванымі – неабходна ствараць сеткі, супольнасці, наладжваць сувязі, - параіў Леў XIV.

Пантыфік назваў Касцёл у Неапалі "клеем", які аб'ядноўвае намаганні і таленты асобных людзей, асабліва ў прасоўванні адукацыйнага пакта з удзелам грамадзянскіх інстытутаў, муніцыпалітэтаў, урада. Гэтае супрацоўніцтва павінна працягвацца дзеля лепшага і прыгожага Неапаля, - заахвоціў Святы Айцец.

Пастырскі візіт Льва XIV у Неапаль
Пастырскі візіт Льва XIV у Неапаль   (@Vatican Media)

Майстэрня міру

Цэнтральнай тэмай прамовы стаў мір. Неапаль закліканы быць не горадам з паштоўкі, а адкрытай будаўнічай пляцоўкай, дзе будуецца мір і прымірэнне ў штодзённых адносінах. Мір пачынаецца ў сэрцы чалавека, прасякае адносіны, укараняецца ў кварталах і прыгарадах, пашыраецца на ўвесь горад і свет. Мір будуецца шляхам прасоўвання культуры, альтэрнатыўнай гвалту, з дапамогай штодзённых жэстаў, адукацыйных праектаў і практычнага выбару справядлівасці. Няма міру без справядлівасці, а справядлівасць не можа быць аддзеленая ад міласэрнасці, - сцвердзіў Леў XIV, прыводзячы ў прыклад канкрэтныя ініцыятывы, такія як дамы для дзяцей і маці ў бядзе.

Знакі абнаўлення

Папа таксама адзначыў намаганні па ператварэнні Неапаля ў платформу для міжкультурнага і міжрэлігійнага дыялогу, а таксама ініцыятывы з удзелам моладзі з зон канфліктаў, такіх як Сектар Газа. Ён нагадаў пра даўнюю традыцыю горада па прыёме мігрантаў і бежанцаў, назваўшы такі прыём не надзвычайнай сітуацыяй, а магчымасцю для сустрэчы і ўзаемнага ўзбагачэння.

Пантыфік заклікаў неапалітанцаў, асабліва моладзь, да абнаўлення. Маладыя людзі не павінны быць пасіўнымі атрымальнікамі дапамогі, а галоўнымі героямі перамен. Маладыя неапалітанцы ўяўляюць сабой жывы і дзіўны рэсурс і ўжо ствараюць знакі абнаўлення: ад дыяцэзіяльнага музея да адукацыйных праектаў і валанцёрства, - сказаў Папа.

Завяршаючы візіт, Леў XIV даручыў жыхароў Неапаля заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і нябеснага апекуна горада – святога Януарыя.

Леў XIV у Неапалі
Леў XIV у Неапалі   (@Vatican Media)

 

08 мая 2026, 21:00