Пошук

Папа: адказваць жэстамі клопату на культуру адчужэння і смерці

Клопат пра здароўе, акрамя арганізацыі і кампетэнтнасці, патрабуе прысутнасці, у тым ліку фізічнай, дзеля дабра чалавека ва ўсіх яго вымярэннях, нагадаў Святы Айцец.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

9 мая 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане членаў Італьянскай асацыяцыі бакавога аміятрафічнага склерозу. “Шчыра вітаю вас і дзякую за гэту сустрэчу, а таксама за ўсё, што вы робіце для абароны, падтрымкі і догляду хворых на бакавы аміятрафічны склероз”, - сказаў на пачатку прамовы Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што асацыяцыя аб’ядноўвае хворых, членаў іх сем’яў і работнікаў медыцынскай сферы ў “тэрапеўтычным саюзе”, якому ўласціва блізкасць да людзей у пакутах, прыклад якой даў Езус.

Папа ў першую чаргу падзякаваў самім хворым, якія сваім штодзённым жыццём, поўным намаганняў, веры і мужнасці, паказваюць, што годнасць і каштоўнасць жыцця перавышаюць хваробу, а цяжкасці, якія яна прыносіць, могуць перажывацца разам і ператварацца ў асаблівыя магчымасці для ўзаемнай любові і клопату. “Дзякуй вам за гэта! Вы, як прарокі, вучыце ўсіх сапраўднай каштоўнасці жыцця, і наш свет вельмі мае патрэбу ў вашым пасланні!”, - сказаў Леў XIV.

Святы Айцец адзначыў таксама каштоўнасць падтрымкі хворых, бо клопат пра здароўе, акрамя арганізацыі і кампетэнтнасці, патрабуе прысутнасці, у тым ліку фізічнай, дзеля дабра чалавека ва ўсіх яго вымярэннях: біялагічным, псіхічным і духоўным.

“Касцёл вельмі высока цэніць гэтае “прабаванне побач”: суправаджэнне людзей там, дзе яны знаходзяцца, у іх дамах, каб прапаноўваць ім не толькі медыцынскую і сацыяльную падтрымку, але таксама духоўную, асабліва з увагай да пытанняў сэнсу, якія ставяць пакуты і якія не могуць заставацца без адказу”, - сказаў ён.

“У розных жыццёвых сітуацыях, асабліва ў цяжкіх, ніхто ніколі не павінен заставацца адзін, і валанцёрства, яднаючы вас у бескарыслівасці, моцна рэалізуе гэтую каштоўнасць, уводзячы ў абарот салідарнасць і павагу і адказваючы жэстамі клопату на культуру адчужэння і смерці”, - сцвердзіў Папа.

На заканчэнне прамовы Леў XIV нагадаў, што Езус, Божы Сын, які стаў чалавекам і аздараўляў людзей ад хваробаў, сам прайшоў праз пакуты, але праз сваю смерць і ўваскрасенне паказаў, што боль і цярпенне не могуць перамагчы любоў і моц Бога.

“Таму ўсе мы, хрысціяне, дзеці Яго Пасхі, з’яўляемся народам надзеі, які не здаецца перад цяжкасцямі, а з Божай дапамогай працягвае ісці наперад у адзінстве і салідарнасці”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

09 мая 2026, 12:03