Пошук

Дом палёгкі ў пакутах у Сан-Джавані-Ратонда Дом палёгкі ў пакутах у Сан-Джавані-Ратонда 

Папа стварыў Камісію па аднаўленні шпіталя, заснаванага святым Піа

27 мая 2026 года Леў XIV падпісаў хірограф аб заснаванні Камісіі па кіраўніцтве і наглядзе за фондам Дома палёгкі ў пакутах у італьянскім Сан-Джавані-Ратонда. Новы орган узначаліць прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях Максіміна Кабальера Леда.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Камісія атрымала мандат на вызначэнне рашэнняў для павышэння эфектыўнасці, устойлівасці і далейшага развіцця шпіталя, які быў заснаваны святым Піа з П’етрэльчыны.

Як гаворыцца ў дакуменце, рашэнне было прынятае ў сувязі з неабходнасцю пастаяннага абнаўлення касцёльных дабрачынных інстытутаў ва ўмовах сучасных выклікаў. Дом палёгкі ў пакутах, які дзейнічае ў Сан-Джавані-Ратонда, быў створаны як месца гасціннасці, дапамогі і клопату пра хворых, пілігрымаў і іх сем’ям.

Камісіі даручана прааналізаваць сучасны стан фонду і распрацаваць канкрэтныя меры для яго далейшага развіцця. Яна атрымала паўнамоцтвы ў сферах эканамічнага, маёмаснага і адміністрацыйнага кіравання шпіталем, у тым ліку і магчымасць прымаць рашэнні па звычайным і надзвычайным кіраванні. Найбольш важныя рашэнні будуць узгадняцца з Папам.

Старшынёй Камісіі прызначаны прэфект Сакратарыята па эканамічных пытаннях Максіміна Кабальера Леда. Каардынатарам стаў сакратар Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы Фабіё Гасперыні. У склад Камісіі таксама ўвайшлі субстытут Дзяржсакратара па агульных пытаннях арцыбіскуп Паола Рудэлі, старшыня Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы (APSA) арцыбіскуп Джардана Пічыноці і арцыбіскупа Джорджыа Ферэці. У склад тэхнічнага камітэта прызначаныя Бенхамін Эстэвес дэ Камінгес, Джына Гумірата і адвакат Алесандра Эла Аяна.

Дом палёгкі ў пакутах нарадзіўся з пераканання айца Піа ў тым, што клопат пра цела з’яўляецца неад'емнай часткай хрысціянскай місіі. Сёння, праз дзесяцігоддзі, гэтая місія застаецца нязменнай. Хірограф Льва XIV будзе спрыяць адраджэнню шпіталя, а значыць і працягу справы яго святога заснавальніка.

27 мая 2026, 12:59