Леў XIV на пахаванні кардынала Чэрыга: Хрыстус быў яго надзеяй
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Сабраўшыся вакол алтара, мы суправаджаем нашага брата, кардынала Поля Эміля Чэрыга, у момант, калі ён паўстае перад Панам, каб атрымаць узнагароду за дабро, учыненае ў гэтым жыцці, і прабачэнне за недахопы, якія магла выклікаць чалавечая слабасць”, - сказаў на пачатку сваёй гаміліі Папа.
Кардынал Чэрыг адышоў у вечнасць 12 мая 2026 года ва ўзросце 79 гадоў. Іерарх швейцарскага паходжання больш за палову свайго жыцця прысвяціў служэнню Апостальскай Сталіцы ў розных папскіх дыпламатычных прадстаўніцтвах і Дзяржаўным сакратарыяце.
“Ён зрабіў свой уклад – часта непрыкметнай, але разам з тым руплівай і нялёгкай працай, характэрнай для служэння, якое ён выконваў, – у развіццё таго Валадарства, пра поўнае здзяйсненне якога гаварыла нам першае чытанне: Валадарства, у якім ужо няма мора хаосу і ззяе новы Ерузалем, збудаваны на падмурку апосталаў, асветлены святлом Ягняці і ўпрыгожаны заслугамі святых”, - сказаў Пантыфік.
Леў XIV падкрэсліў, што кардынал Чэрыг – як дыпламат, а яшчэ раней як пастыр Касцёла – на працягу многіх гадоў цярпліва і самаахвярна працаваў, каб яднаць народы ў згодзе. Святы Айцец нагадаў пра розныя этапы місіі спачылага іерарха: працу ў нунцыятурах, прызначэнне ў 1996 годзе нунцыем у Бурундзі, служэнне ў краінах Карыбскага басейна, Паўднёвай Карэі, Скандынавіі, Аргенціне, Італіі і Сан-Марына.
Папа адзначыў, што гэты вялікі касцёльны і міжнародны досвед стаў сведчаннем адкрытасці кардынала, яго здольнасці прыстасоўвацца да вельмі розных асяроддзяў, а таксама яго пастырскай любові да мясцін і народаў, да якіх ён быў пасланы ад імя Святога Айца, каб будаваць адносіны еднасці паміж мясцовымі Касцёламі і Апостальскай Сталіцай, а таксама ўмацоўваць сувязі сяброўства.
Леў XIV нагадаў словы Францішка, які заклікаў дыпламатаў “распальваць вакол сябе надзею” як адказ на прагненне і чаканне дабра, прысутныя ў сэрцах народаў. Ён падкрэсліў, што гэты заклік застаецца актуальным таксама і сёння і датычыцца ўсіх, хто пакліканы служыць і любіць братоў. “Наш свет вельмі патрабуе пасланцаў, якія дапамогуць яму зноў знайсці давер, і добрае сведчанне тых, каго Бог выбраў сваімі служыцелямі, можа падтрымаць нас у адказе на гэты заклік”, - сцвердзіў Папа.
Святы Айцец заўважыў, што перад абліччам таямніцы смерці “аснова кожнай нашай надзеі знаходзіцца па-за гісторыяй і грунтуецца на Пасхе Хрыста, Яго хвалебнай перамозе над грахом і смерцю”.
На заканчэнне гаміліі Пантыфік нагадаў, што біскупскім дэвізам кардынала Чэрыга былі словы “Spes mea Christus” – “Мая надзея – Хрыстус”. Ён падкрэсліў, што Хрыстус быў надзеяй кардынала на працягу ўсяго жыцця: надзеяй, якая яго не падвяла і якая цяпер спаўняецца навекі.
