Папа: кіраванне патрабуе слухання, празрыстасці і адказнасці

Касцёльнае кіраванне – гэта асаблівы дар Святога Духа. Яно павінна быць накіравана на духоўнае дабро вернікаў, а не на асабістую ўладу ці прэстыж, - нагадаў Леў XIV падчас сустрэчы з мадэратарамі міжнародных касцёльных рухаў і асацыяцый.

Марыя Валодзіна - Vatican News

21 мая 2026 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў штогадовай сустрэчы мадэратараў асацыяцый вернікаў, касцёльных рухаў і новых супольнасцей, якую арганізуе Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця. Сёлетняя сустрэча была прымеркавана тэме касцёльнага кіравання.

Касцёльнае кіраванне – дар Святога Духа

Пантыфік адзначыў, што кіраванне ў Касцёле не зводзіцца толькі да тэхнічнай каардынацыйнай функцыі. Касцёл быў заснаваны Хрыстом як вечны знак збаўлення і служыць месцам, дзе ўсе людзі ў любую эпоху могуць атрымаць плён адкуплення і выпрабаваць новае жыццё, якое даў Хрыстус. Касцёл, безумоўна, мае знешняе і інстытуцыйнае вымярэнне са сваімі структурамі, але сама прырода Касцёла мае сакрамэнтальны характар і служыць еднасці чалавека з Богам. Таму кіраванне ў Касцёле павінна імкнуцца да духоўнага дабра вернікаў і разглядацца як асаблівы дар Святога Духа. Святы Павел называў кіраванне адным з такіх дароў нароўні з дарамі аздараўлення, дапамогі і ведання розных моў (пар. 1 Кар 12:28), - нагадаў Леў XIV.

Свабодныя выбары

Святы Айцец падкрэсліў, што ў касцёльных рухах кіраванне звычайна даручана свецкім вернікам і становіцца праявай іх удзелу ў служэнні Хрыста, атрыманым праз сакрамэнт Хросту. Ён нагадаў, што выбары кіраўнікоў павінны адбывацца свабодна і быць вынікам супольнага распазнавання, у якім кожны можа выказаць свой голас.

Тры прынцыпы касцёльнага кіравання

Леў XIV вылучыў тры асноўныя прынцыпы касцёльнага кіравання. Па-першае, яно павінна служыць агульнаму дабру супольнасці і ўсяго Касцёла, а не асабістым інтарэсам ці імкненню да прэстыжу і ўлады. Па-другое, сапраўднае кіраўніцтва не навязваецца зверху, але распазнаецца і свабодна прымаецца супольнасцю: адсюль і важнасць свабодных выбараў. Па-трэцяе, як і любая харызма, дар кіравання асацыяцыяй таксама падлягае распазнаванню і нагляду з боку пастыраў (пар. Lumen gentium, 12; Iuvenescit Ecclesia, 9 і 17).

Стыль кіравання

Папа нагадаў пра неабходнасць узаемнага слухання, сумеснай адказнасці, празрыстасці, братэрскай блізкасці і супольнага распазнавання пры ажыццяўленні кіравання. Ён падкрэсліў што добрае кіраўніцтва не канцэнтруе ўсё ў сваіх руках, але спрыяе субсідыярнасці і адказнаму ўдзелу ўсіх членаў супольнасці.

Вернасць харызме і місійнае служэнне

Святы Айцец адзначыў, што кожная асацыяцыя і касцёльны рух маюць уласную гісторыю, ідэнтычнасць і ідэалы, таму іх кіраўнікі пакліканыя, з аднаго боку, захоўваць жывую спадчыну супольнасці, але, з іншага боку, распазнаваць сучасныя выклікі. Ён падкрэсліў, што сапраўднае хрысціянскае сведчанне не абмяжоўваецца ўнутраным жыццём групы, але праяўляецца ў місійным служэнні ўсім людзям.

Важнасць еднасці

Папа падкрэсліў важнасць еднасці з усім Касцёлам на кожным узроўні, як дыяцэзіяльным, так і паўсюдным. Ён нагадаў, што касцёльныя рухі не павінны замыкацца ў сабе і лічыць сябе адзінай сапраўднай праявай Касцёла, бо Касцёл – гэта супольнасць усіх вернікаў. Асаблівую ролю ў гэтай еднасці адыгрывае дыяцэзіяльны біскуп, з якім рухі і супольнасці пакліканыя жыць у поўнай камуніі.

Касцёльныя рухі як неацэнны дар

Леў XIV назваў касцёльныя рухі і асацыяцыі бясцэнным дарам для Касцёла. Ён адзначыў багацце харызмаў, наяўнасць добра падрыхтаваных евангелізатараў, моладзі і пакліканняў да святарскага і сужэнскага жыцця. Гэта разнастайнасць дазваляе рухам прысутнічаць у сферах культуры, мастацтва, грамадскага жыцця і працы, несучы святло Евангелля ў сучасны свет. Ён заклікаў берагчы і развіваць гэтыя дары з Божай ласкай, запэўніўшы, што Касцёл падтрымлівае і суправаджае іх.

21 мая 2026, 11:54