Мадэратары каталіцкіх рухаў збяруцца на сустрэчу ў Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дыкастэрыя па справах свецкіх, сям’і і жыцця арганізуе буйны форум, які пройдзе 21 і 22 мая 2026 года ў Новай сінадальнай залі. Сёлета арганізатары выбралі для абмеркавання тэму "Служыць, суправаджаць, кіраваць. Асновы і практыка кіравання ў асацыяцыях".
Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленні Дыкастэрыі, мэта сустрэчы – даць канкрэтную дапамогу кіраўнікам, каб іх адміністрацыйнае і духоўнае служэнне адпавядала Евангеллю і служыла сапраўднай карысці ўсіх вернікаў. Менавіта таму праграма форуму значна пашырана, што дазволіць удзельнікам больш часу прысвяціць узаемнаму знаёмству, дыялогу і абмену досведам.
Ад тэалагічных асноў да практычных выклікаў кіравання
Цэнтральнае месца ў праграме займае глыбокі аналіз прыроды ўлады і адказнасці ў каталіцкіх рухах. Навуковы і прававы аналіз гэтых тэм забяспечаць даклады сястры-прафесара Джыл Гоўлдынг, прысвечаны тэалагічным аспектам кіравання ў Касцёле, і прафесара Паола Геры, які разгледзіць прынцыпы кіравання з пункту гледжання кананічнага права.
Практычны бок касцельнага адміністравання будзе прадстаўлены сумесным выступленнем супрацоўнікаў Дыкастэрыі Лінды Гізоні, Філіпа Мілігана і Ізабэль Касара. Яны акрэсляць асноўныя выклікі, якія паўстаюць перад сучаснымі кіраўнікамі.
Сярод ключавых пытанняў, вынесеных на абмеркаванне, – захаванне харызмы, баланс паміж сумеснай адказнасцю і асабістымі рашэннямі, абарона правоў вернікаў, а таксама вельмі важнае для Касцёла выразнае размежаванне паміж сферай кіравання і сферай сумлення.
Сінадальны метад і пошук мадэляў узаемадзеяння
Важным праграмным элементам стане праца ў групах і на пленарных пасяджэннях паводле сінадальнага метаду "размовы ў Духу". Гэты фармат дазволіць удзельнікам супольна паразважаць над узаемаадносінамі паміж мадэратарамі рухаў і біскупамі, а таксама паглядзець на прымірэнне як на сапраўдны стыль кіравання – гэтыя тэмы ў сваіх сведчаннях узнясуць арцыбіскуп Хасэ Анхель Саіс Менэсэс і адвакат Джавані Борнья.
Вынікам форуму павінна стаць выпрацоўка канкрэтных прапаноў па паляпшэнні ўнутранага жыцця каталіцкіх супольнасцей. Акрамя інтэнсіўнай працы, праграма прадугледжвае важныя супольныя літургічныя моманты, якія аб’яднаюць дэлегатаў у малітве: святую Імшу ў Базіліцы Святога Пятра і малітву на Ружанцы ў Ватыканскіх садах.