Папа ў Неапалі: Касцёл павінен быць побач з людзьмі ў цяжкіх абставінах
Марыя Валодзіна - Vatican News
8 мая 2026 года Леў XIV наведаў Неапаль, дзе ў катэдральным саборы святой Марыі Унебаўзятай сустрэўся з духавенствам і кансэкраванымі асобамі. Пастырскі візіт адбыўся ў першую гадавіну яго абрання Наступнікам Пятра пасля наведвання Пампеяў. Галоўны сабор Неапаля, які наведаў Пантыфік, вядомы таксама як месца захоўвання рэліквіі святога Януарыя – апекуна горада.
"Прывітанне, Неапаль! Добры дзень! Я прыехаў у Неапаль, каб знайсці цяпло, якое можа прапанаваць толькі Неапаль! Дзякуй за прыём! Дзякуй!" – такімі словамі прывітаў неапалітанцаў Леў XIV.
Горад тысячы колераў
Звяртаючыся да святароў і вернікаў, Папа назваў Неапаль “горадам тысячы колераў”, у якім спалучаюцца багатая культура, жывая народная пабожнасць і сур’ёзныя сацыяльныя праблемы. Ён адзначыў, што горад пакутуе ад гвалту, моладзевага беспрацоўя, высокага ўзроўню адсеву вучняў і сямейных цяжкасцяў. На думку Святога Айца, гэтыя праблемы адбіваюцца і на занядбаным стане некаторых вуліц, ускраін і забытых куткоў, што робіць асабліва неабходнай канкрэтную і салідарную прысутнасць Касцёла побач з людзьмі.
Касцёл павінен быць побач з людзьмі
Леў XIV падкрэсліў, што хрысціянская вера не павінна абмяжоўвацца толькі эмацыйнымі падзеямі або сімвалічнымі сустрэчамі. На яго думку, Касцёл павінен глыбока прысутнічаць у паўсядзённым жыцці грамадства, слухаць праблемы людзей і дапамагаць тым, хто страціў надзею. Ён заклікаў надаваць асаблівую ўвагу стомленым сем’ям, моладзі, якая адчувае разгубленасць, а таксама бедным, якія звяртаюцца па дапамогу ў парафіі і касцёльныя арганізацыі.
Клопат замест абыякавасці
Папа паразважаў на тэму клопату – пра чалавека, яго ўнутраны свет і чалавечыя адносіны. Ён супрацьпаставіў клопат абыякавасці і занядбанасці, якія праяўляюцца не толькі ў гарадской прасторы, але і ў стаўленні да чалавечай годнасці.
Пантыфік заклікаў святароў, манахаў і свецкіх вернікаў пераадольваць індывідуалізм і развіваць братэрства. Ён заявіў, што сучаснае грамадства ўсё больш сутыкаецца з адзінотай і раз’яднанасцю, таму Касцёл павінен шукаць новыя формы супольнага жыцця і супрацоўніцтва. Леў XIV таксама падкрэсліў важнасць узаемнага слухання і супрацоўніцтва, каб перайсці ад “пастырства кансервацыі” да місіянерскай дзейнасці, якая рэагуе на рэальныя патрэбы людзей.
Сімфонія харызмаў і служэнняў
Асобна Папа адзначыў ролю свецкіх вернікаў і супрацоўнікаў пастырскіх структур, заклікаўшы да стварэння “сімфоніі харызмаў і служэнняў”. Ён спаслаўся на досвед дыяцэзіяльнага сінода ў Неапалі і падкрэсліў неабходнасць уважліва прыслухоўвацца да чаканняў, пакут і надзей жыхароў горада.
Напрыканцы сустрэчы Леў XIV заклікаў неапалітанцаў не баяцца цяжкасцяў і быць “сведкамі Хрыста і сейбітамі будучыні”.
