Папа – футбалістам “Інтэра”: будзьце прыкладам бездакорнай сумленнасці
Аляксандр Панчанка - Vatican News
9 мая 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане спартсменаў, кіраўніцтва і трэнерскі штаб футбольнага клуба “Інтэр”, які сёлета перамог у чэмпіянаце Італіі.
“Гэта, безумоўна, для вас момант вялікай радасці, і я рады раздзяліць яго з вамі. Гэта мэта, дасягнутая дзякуючы вялікім намаганням, каманднай працы, дысцыпліне і настойлівасці, якія вы здолелі захаваць як у радасныя, так і ў цяжкія моманты, не падаючы духам і не здаючыся”, - заўважыў Папа.
Віншуючы сваіх гасцей з перамогай, Пантыфік заклікаў іх “паразважаць над перажытым досведам”, каб у гэты момант поспеху яны “маглі несці пасланне, асабліва важнае для сталення моладзі”.
“Многія маладыя людзі ў гэтыя дні глядзяць на вас як на сваіх “герояў”, як на прыклад для пераймання, і гэта ўскладае на вас адказнасць, якая выходзіць за межы спартыўнага выніку і робіць вас, як спартсменаў, сведкамі каштоўнасцей”, - падкрэсліў Леў XIV.
“Каля трыццаці пяці гадоў таму святы Ян Павел II казаў пра гэта падчас сустрэчы з прадстаўнікамі вашага клуба. Узгадаўшы яго значную ролю ў гісторыі італьянскага футбола, ён звярнуўся да футбалістаў і кіраўніцтва з такімі словамі: “Няхай многія змогуць убачыць у вас і ў вашых паводзінах сапраўднасць і бездакорную сумленнасць”. Гэта словы, якія і я хачу сёння паўтарыць вам, яшчэ раз выказваючы свае віншаванні”, - сказаў Пантыфік.
