Пошук

Леў XIV у "La Sapienza": навука павінна быць рашучым "так" жыццю

Леў XIV наведаў рымскі ўніверсітэт "La Sapienza", дзе заклікаў моладзь не паддавацца дыктатуры поспеху, а навуковую супольнасць – стаць на шлях сапраўднага раззбраення і чалавечнасці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас пастырскага візіту ў найбуйнейшую навучальную ўстанову Еўропы, Пантыфік звярнуўся да шматтысячнай аўдыторыі студэнтаў і выкладчыкаў.

Леў XIV высока ацаніў намаганні ўніверсітэта "La Sapienza" па абароне права на адукацыю для бедных, людзей з інваліднасцю і зняволеных. Асобную падзяку Папа выказаў за стварэнне гуманітарнага калідора для студэнтаў з сектара Газа, назваўшы гэта канкрэтным учынкам хрысціянскай любові.

Духоўны стан моладзі: паміж прагненнем ісціны і ціскам сучаснай сістэмы

Звяртаючыся да моладзі, Папа закрануў праблему "шантажу чаканняў", які правакуе трывогу і дэпрэсію. Паводле слоў Святога Айца, сучасная сістэма часта зводзіць асобу да лічбаў, патрабуючы празмернай канкурэнтаздольнасці. "Мы – гэта жаданне, а не алгарытм!" - падкрэсліў Леў XIV, нагадваючы студэнтам пра іх унікальную годнасць, якую немагчыма вымераць матэрыяльнымі дасягненнямі.

Аналізуючы сусветную сітуацыю, Пантыфік назваў рост ваенных выдаткаў у Еўропе і свеце "забруджваннем розуму". Ён заклікаў не блытаць сапраўдную абарону з пераўзбраеннем, якое пазбаўляе рэсурсаў сферы адукацыі і аховы здароўя.

Асаблівую насцярожанасць у Папы выклікае выкарыстанне штучнага інтэлекту ў ваеннай сферы, што вядзе да "дэ-рэспансабілізацыі" чалавечых рашэнняў і правакуе спіраль знішчэння ў такіх рэгіёнах, як Украіна, Палесціна, Ліван і Іран.

Навука і экалогія: адказнасць за будучыню супольнага дома

Леў XIV звярнуў увагу на тое, што навуковыя інвестыцыі павінны стаць радыкальным "так" жыццю, а не смерці. Узгадваючы энцыкліку свайго папярэдніка Францішка "Laudato si’", ён канстатаваў, што праз дзесяць гадоў кліматычная сітуацыя не палепшылася, нягледзячы на добрыя намеры.

Папа заклікаў моладзь ператварыць сваю неспакойнасць у "прароцтва" і стаць "творцамі міру", які грунтуецца не на зброі, а на дыялогу і справядлівасці.

Напрыканцы сустрэчы Пантыфік звярнуўся да выкладчыкаў, параўнаўшы настаўніцтва з формай міласэрнасці. Ён падкрэсліў, што навучанне – гэта не толькі перадача ведаў, але і выхаванне сумлення і пачуцця справядлівасці.

Візіт у "La Sapienza", паводле спадзяванняў Папы, павінен стаць знакам новага адукацыйнага саюза паміж Касцёлам і ўніверсітэтам, які гістарычна вырас у яго лоне.

Леў XIV запэўніў акадэмічную супольнасць у сваёй малітве і ўдзяліў усім прысутным апостальскае благаслаўленне.
 

14 мая 2026, 11:31