Папа пачаў візіт у "La Sapienza" з малітвы са студэнтамі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пантыфік вырашыў адкрыць сваё знаходжанне ў рымскай альма-матэр менавіта з універсітэцкай капліцы. Звяртаючыся з спантанным словам да прысутных, сярод якіх былі рэктар, выкладчыкі і шматлікая моладзь, Святы Айцец падкрэсліў выключна пастырскі характар свайго візіту. Для яго было важным пачаць гэты дзень у месцы, якое ён назваў пунктам сустрэчы з Хрыстом, каб падзяліцца з акадэмічнай супольнасцю радасцю веры.
Паводле слоў Папы, кожны, хто займаецца даследаваннямі і вучобай, хто шчыра шукае праўду, у выніку знаходзіць Створцу. Леў XIV адзначыў, што Бог пакінуў свой адбітак ва ўсім, што акружае чалавека: як у самой прыродзе, так і ў людзях, створаных па Яго вобразе і падабенстве.
Пантыфік назваў магчымасць знаходзіцца ў гэтым інтэлектуальным цэнтры, які лічыцца найбуйнейшым у Еўропе, сапраўдным дарам і благаслаўленнем.
Падчас сустрэчы Папа пажадаў студэнтам, каб час, праведзены ва ўніверсітэце, стаў для іх не толькі перыядам атрымання ведаў, але і глыбокім адкрыццём прыгажосці жыцця.
Святы Айцец падзякаваў за цёплы прыём і ўдзяліў усім прысутным апостальскае благаслаўленне. Пасля малітоўнага моманту ў капліцы Леў XIV працягнуў свой візіт, накіраваўшыся ў іншыя корпусы ўніверсітэта, каб бліжэй пазнаёміцца з жыццём і праблемамі сучаснай навуковай супольнасці.
