Будучы Папа ў 2010 годзе: Касцёлу небяспечна баяцца рызыкаваць
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У 2010 годзе на Філіпінах, яшчэ будучы прыёрам аўгустынцаў, айцец Роберт Фрэнсіс Прэвост прамовіў да ўдзельнікаў Генеральнага капітула ў Маніле. Разважанні з гэтага гістарычнага выступу ўвайшлі ў нядаўна выдадзеную кнігу "Вольныя дзякуючы ласцы".
У сваёй прамове аўтар звяртаецца да гісторыі знакамітага мараплаўца Андрэса дэ Урданеты, які калісьці адкрыў так званы "tornaviaje" – бяспечны і хуткі марскі шлях з Філіпін у Мексіку. Але самым важным падарожжам у жыцці гэтага чалавека стала ўласнае навяртанне да Бога і ўступленне ў Ордэн святога Аўгустына.
Падарожжа да Хрыста як альтэрнатыва духоўнай стагнацыі
Вобраз зваротнага шляху стаў для будучага Пантыфіка трапнай метафарай. Паводле яго слоў, кожны вернік пакліканы ўсвядоміць, што адзіная сапраўдная вандроўка вядзе менавіта да Хрыста. Гэты працэс не заканчваецца хростам, ён патрабуе пастаяннага ўнутранага руху. Нават у жыцці асоб, якія цалкам прысвяцілі сябе Богу, і ў касцельных супольнасцях можа наступіць момант стомленасці, калі знікае ранейшы энтузіязм і пачынаецца духоўная стагнацыя. Жыццё ператвараецца ў нязменную руціну, яно губляе сваю здольнасць прыцягваць і натхняць іншых людзей.
У Евангеллі ад Лукі гаворыцца пра немагчымасць служыць двум панам. Гэты біблейскі тэкст паказвае выклік для сучаснага хрысціяніна: заставацца там, дзе ўсё знаёма і камфортна, або ісці за Хрыстом, нягледзячы на кошт і непазбежныя цяжкасці.
Захаванне мінулага ці вернасць будучыні?
У сваім грунтоўным аналізе аўтар супрацьпастаўляе дзве мадэлі мыслення ўнутры супольнасці: "захаванне" і "місію". Група, арыентаваная выключна на захаванне ўласнага статусу, імкнецца быць вернай толькі свайму мінуламу. Яна ўсяляк пазбягае небяспечных праблем, ацэньвае сваю эфектыўнасць праз фінансавую стабільнасць і ў першую чаргу шукае спосабы выратаваць уласную структуру. Яе стыль лідарства нагадвае звычайны менеджмент, дзе ўсё проста павінна быць ціха і ўпарадкавана.
Тут патрабуецца кіраванне, якое здольнае трансфармаваць рэчаіснасць і маляваць далягляды таго, што яшчэ толькі можа адбыцца. Як адзначаў у сваіх працах святы Аўгустын, спроба служыць двум панам прыводзіць не столькі да адкрытай нянавісці да Бога, колькі да абыякавасці і небяспечных кампрамісаў.
Таму будучы Папа нагадаў, што менавіта радыкальны выбар і поўная адданасць евангелізацыі дазваляюць Касцёлу выканаць сваё прызначэнне, і заклікаў аднавіць першапачатковы запал для выратавання свету.
