Пошук

На Плошчы Святога Пятра падчас малітвы "Regina Caeli" На Плошчы Святога Пятра падчас малітвы "Regina Caeli"  (@Vatican Media)

Малітва Льва XIV за Кітай і мір на Блізкім Усходзе

Пасля малітвы "Уладарка неба" Леў XIV заклікаў да супольнай малітвы за Касцёл у Кітаі і даверыў заступніцтву Марыі лёс народаў Блізкага Усходу, якія пакутуюць.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У нядзелю, 24 мая 2026 года, пасля малітвы "Уладарка неба" Папа звярнуўся да вернікаў з заклікам аб асаблівай духоўнай падтрымцы для Касцёла ў Кітаі. Пантыфік нагадаў пра дзень малітвы за кітайскую супольнасць, якая ў літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі, Дапамогі Хрысціянаў, асабліва ўшаноўвае Яе ў санктуарыі ў Шэшане, у Шанхаі.

"Уз’яднаем нашу малітву з малітвай кітайскіх католікаў як знак нашай прыхільнасці да іх і іх еднасці з Паўсюдным Касцёлам і Наступнікам Пятра", - падкрэсліў Леў XIV. Ён выказаў пажаданне, каб заступніцтва Нябеснай Каралевы дапамагло вернікам у Кітаі атрымаць дар адзінства, даючы сілы для штодзённага сведчання Евангелля, каб стаць "зернем надзеі і міру".

Адначасова Святы Айцец заклікаў да малітвы за ахвяр трагічнага здарэння ў шахце на поўначы Кітая, просячы аб вечным супакоі для загінулых. Не абышоў увагай Папа і тых, хто пакутуе ад наступстваў ваенных канфліктаў.

Леў XIV асаблівым чынам даверыў Багародзіцы хрысціянскія супольнасці ў Святой Зямлі, Ліване і на ўсім Блізкім Усходзе, якія перажываюць цяжкія выпрабаванні.

Завяршаючы сустрэчу, Пантыфік цёпла прывітаў пілігрымаў, якія сабраліся на Плошчы Святога Пятра з розных краін. Асобныя словы падтрымкі прагучалі для групы людзей з інваліднасцю з Польшчы, а таксама для адважных паломнікаў, якія прыбылі ў Рым на роварах з бельгійскага Кельміса.

Усім прысутным Святы Айцец пажадаў добрай нядзелі Пяцідзясятніцы.
 

24 мая 2026, 12:31