Пошук

Падчас малітвы "Уладарка неба" на Плошчы Святога Пятра Падчас малітвы "Уладарка неба" на Плошчы Святога Пятра  (@VATICAN MEDIA )

Леў XIV: малітва, свабода прэсы і абарона дзяцей

На нядзельнай сустрэчы з вернікамі Леў XIV заклікаў да малітвы на Ружанцы, падтрымаў свабоду прэсы і падзякаваў за абарону непаўналетніх ад злоўжыванняў.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Падчас традыцыйнага звароту пасля малітвы "Уладарка неба" ў нядзелю 3 мая 2026 года Пантыфік засяродзіў увагу на духоўным значэнні месяца, які пачынаецца.

Ён адзначыў, што ва ўсім Касцёле аднаўляецца радасць сустрэчы ў імя Марыі, асабліва праз супольную малітву на Ружанцы. Гэта, паводле слоў Святога Айца, дазваляе вернікам нанова перажыць атмасферу Вячэрніка, дзе пасля Унебаўшэсця Езуса вучні чакалі Спаслання Духа Святога. Леў XIV нагадаў, што Найсвяцейшая Панна заўсёды знаходзілася сярод вучняў, а Яе сэрца захоўвала агонь, які ажыўляў супольную малітву.

Папа падкрэсліў, што давярае заступніцтву Марыі свае самыя важныя інтэнцыі: глыбокае адзінства ўнутры Каталіцкага Касцёла і ўсталяванне трывалага міру на планеце. Гэты духоўны заклік прагучаў у кантэксце складаных выклікаў сучаснасці, якія патрабуюць ад хрысціян адзінства і нястомнай малітоўнай падтрымкі.

Асобнае месца ў словах Пантыфіка заняла тэма Сусветнага дня свабоды прэсы, які адзначаецца пад эгідай ЮНЕСКА. Папа з горыччу канстатаваў, што права на вольнае выказванне думак і доступ да праўдзівай інфармацыі часта парушаецца. Паводле яго, гэта адбываецца як праз відавочныя акты ціску, так і праз больш тонкае, схаванае абмежаванне журналісцкай дзейнасці.

Святы Айцец заклікаў малітоўна ўспомніць шматлікіх журналістаў і рэпарцёраў, якія сталі ахвярамі войн і гвалту падчас выканання свайго прафесійнага абавязку. Ён заўважыў, што іх ахвярнасць з’яўляецца сведчаннем важнасці праўды для сучаснага грамадства.

Напрыканцы сустрэчы Леў XIV звярнуўся да прадстаўнікоў асацыяцыі "Meter", якая ўжо 30 гадоў вядзе непрымірымую барацьбу з пошасцю злоўжыванняў у дачыненні да непаўналетніх. Пантыфік падзякаваў арганізацыі за яе шматгадовую працу, якая ахоплівае як касцельныя, так і грамадзянскія структуры. Ён высока ацаніў намаганні актывістаў у сферы прафілактыкі і выхавання чуласці да ахвяр.
 

03 мая 2026, 12:36