Леў XIV: кнігі здольныя выратаваць свет ад вайны
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Турыне распачаўся 38-ы Міжнародны кніжны салон, які сёлета праходзіць пад глыбокім і сімвалічным дэвізам "Свет, выратаваны дзецьмі". З гэтай нагоды Святы Айцец скіраваў спецыяльнае пасланне за подпісам Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці, кардынала П’етра Параліна.
У тэксце, адрасаваным арцыбіскупу Турына кардыналу Раберта Рэполе, Пантыфік падкрэсліў асаблівую ролю культуры ў пераадоленні сучасных крызісаў.
Як адзначаецца ў тэлеграме, апублікаванай Святым Пасадам, Папа звяртае ўвагу на кантраст паміж чысцінёй дзіцячага позірку і суровай рэчаіснасцю. У той час, калі чалавецтва здаецца "задушаным жахам вайны і холадам абыякавасці", менавіта дзеці з іх прыроджанай здольнасцю глядзець на свет новымі вачыма здольныя запаліць у грамадстве святло надзеі.
Святы Айцец лічыць, што сучаснаму грамадству як ніколі патрэбна літаратура, здольная распазнаваць годнасць кожнай асобы, асабліва самых безабаронных. Касцёл бачыць у кнігах не проста крыніцу ведаў, але магутны інструмент, які можа і павінен станавіцца "школай братэрства і міру".
На заканчэнне паслання Леў XIV выказвае пажаданне, каб турынскі форум паспрыяў абнаўленню ўсведамлення важнасці культуры ў будаўніцтве дыялогу і згоды.
