“Уладарка неба” з Папам: Пяцідзясятніца – час адчыненых дзвярэй
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Звяртаючыся да вернікаў перад малітвай “Уладарка неба” 24 мая 2026 года, Леў XIV засяродзіў увагу на вобразе Духа Святога, які прыносіць святло і сілу.
Евангелле нагадвае, што вучні хаваліся за замкнёнымі дзвярыма ў выніку страху перад юдэямі. Аднак Дух уварваўся нібы магутны вецер, адчыніў гэтыя дзверы і прымусіў вучняў выйсці, каб абвяшчаць Добрую Навіну пра ўваскрослага Хрыста.
Сёння, паводле Папы, варта задаць сабе пытанне: якія менавіта дзверы Дух Святы адчыняе для нас цяпер? У першую чаргу, гэта доступ да таямніцы самога Бога. Дзякуючы такому дару чалавек атрымлівае сапраўдную веру, пачынае разумець Святое Пісанне і сустракае Бога асабіста ў штодзённым жыцці, а не толькі ў межах выканання закона.
Другія дзверы, якія адчыняюцца дзякуючы Яго дзеянню – гэта дзверы Вячэрніка, то-бок самога Касцёла. Без гэтага ўнутранага агню супольнасць застаецца палонніцай страху перад выклікамі свету, замыкаецца ў сабе і губляе здольнасць размаўляць з эпохай, якая імкліва змяняецца.
Дух Святы дзейнічае так, каб Касцёл заставаўся гасцінным нават для тых, хто раней сам закрыўся ад Бога, іншых людзей, надзеі і радасці жыцця. Леў XIV прыгадаў словы Папы Францішка пра тое, што мы пакліканы быць “Касцёлам, які благаслаўляе і падбадзёрвае (…) Касцёлам з адчыненымі для ўсіх дзвярыма”.
Нарэшце, Дух Святы адчыняе дзверы нашых уласных сэрцаў. Ён дапамагае пераадольваць унутраны супраціў, эгаізм, недавер і разнастайныя формы прадузятасці. Такім чынам чалавек становіцца здольным жыць як дзіця Божае ў згодзе з іншымі.
Менавіта там, дзе прысутнічае Дух Пана, нараджаецца сапраўднае братэрства паміж групамі і народамі Зямлі, а ўсе людзі пачынаюць размаўляць на адзінай мове любові, якая яднае ўсялякую разнастайнасць.
Напрыканцы свайго разважання Святы Айцец заклікаў маліцца аб дарах Духа Святога і даручыў вернікаў заступніцтву Панны Марыі, Маці Касцёла.