Пошук

Анёл Панскі: любоў да Пана выяўляецца ў адкрытасці на братоў

Любоў патрабуе адрачэння, ахвярнасці і адкрытасці на бліжняга, - нагадаў Святы Айцец 28 чэрвеня 2026 года падчас малітвы “Анёл Панскі”.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Падчас сустрэчы з вернікамі Леў XIV паразважаў над евангельскім урыўкам (Мц 10, 37-42), у якім Езус заклікае сваіх вучняў да сведчання пра Валадарства Божае. Святы Айцец падкрэсліў, што сапраўднае вучнёўства не абмяжоўваецца знешнімі ўчынкамі, але патрабуе поўнага ўключэння ў адносіны любові з Хрыстом.

Пантыфік адзначыў, што любоў прыносіць плён толькі тады, калі ўключае тры неад’емныя аспекты: адрачэнне, ахвярнасць і адкрытасць на іншых.

Разважаючы пра адрачэнне, Папа звярнуў увагу на словы Езуса: “Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, не варты Мяне”. Пасылаючы апосталаў з місіяй, Пан жадае бачыць іх свабоднымі ад усялякай прывязанасці. У той жа час, нават самыя важныя чалавечыя адносіны знаходзяць паўнату дзякуючы любові, якую дае Хрыстус, - падкрэсліў Леў XIV.

У якасці прыкладу Святы Айцец прывёў сужэнскае жыццё, якое становіцца сапраўды поўным тады, калі муж і жонка пакідаюць бацькоўскі дом, каб будаваць уласную сям’ю. У выхаванні дзяцей бацькі дапамагаюць ім стаць шчаслівымі і сталымі асобамі, калі вучаць іх самастойнасці і здольнасці рабіць свой выбар. Пантыфік нагадаў словы святога Аўгустына, які параўноўваў такое адрачэнне з зернем, якое земляроб страчвае, кідаючы ў зямлю, каб потым яно прынесла плён.

Папа адзначыў, што любоў таксама звязана з ахвярнасцю, хоць сучаснаму чалавеку, які часта імкнецца назапашваць і валодаць, гэта бывае цяжка зразумець. Любоў прыносіць плён толькі тады, калі чалавек гатовы ахвяраваць сабой дзеля іншых: адмовіцца ад часткі ўласнага часу, выгоды ці інтарэсаў, каб выслухаць сябра або падзяліць цяжкасці бліжняга. Ён нагадаў евангельскія словы пра тое, што той, хто хоча захаваць жыццё толькі для сябе, у рэчаіснасці яго губляе: яно становіцца бясплодным.

Святы Айцец падкрэсліў, што менавіта таму Езус заклікае нас прыняць крыж. Сам Хрыстус цалкам ахвяраваў Сябе, і дзякуючы гэтай ахвяры людзі атрымалі паўнату жыцця. На думку Пантыфіка, калі людзі будуць жыць паводле логікі дару, яны таксама змогуць несці новае жыццё ў свае адносіны з іншымі.

Напрыканцы разважання Леў XIV спыніўся на тэме адкрытасці і гасціннасці. Ён адзначыў, што любоў да Бога заўсёды выяўляецца ў канкрэтных штодзённых учынках, нават такіх простых, як падаць шклянку вады таму, хто адчувае смагу. Езус паслаў сваіх вучняў без ежы, каб яны маглі прыняць дапамогу тых, каго сустрэнуць на сваім шляху. Такім чынам, прымаючы тых, хто прыйшоў у імя Хрыста, людзі прымаюць Яго самога і Айца Нябеснага, Які паслаў Яго, - нагадаў Папа, заклікаўшы вернікаў звярнуцца ў малітве да Найсвяцейшай Панны Марыі, якая любіла свайго Сына і змагла Яго ахвярна аддаць.

28 чэрвеня 2026, 12:09

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >