Пошук

Вернікі на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане Вернікі на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане  (@Vatican Media)

Папа: паважаць праўду пра чалавека ў эпоху штучнага інтэлекту

Пасля малітвы “Уладарка неба”, якая 17 мая 2026 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Пантыфік заклікаў да этычнай камунікацыі і клопату пра навакольнае асяроддзе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Папа падкрэсліў, што ў эпоху хуткага развіцця штучнага інтэлекту асабліва важна захоўваць павагу да праўды пра чалавека. “Сёння ў розных краінах адзначаецца Сусветны дзень сацыяльнай камунікацыі, які сёлета я вырашыў прысвяціць тэме “Ахоўваць чалавечыя галасы і абліччы”. У эпоху штучнага інтэлекту я заклікаю кожнага імкнуцца да прасоўвання такіх форм камунікацыі, якія заўсёды паважаюць праўду пра чалавека. На яе павінны быць скіраваныя любыя тэхналагічныя інавацыі”, - сказаў Святы Айцец.

Леў XIV таксама нагадаў пра пачатак Тыдня “Laudato si’”, прысвечаны клопату пра стварэнне і натхнёны энцыклікай Папы Францішка. “У гэты юбілейны год святога Францішка Асізскага мы ўзгадваем яго пасланне міру з Богам, братамі і стварэннем. На жаль, у апошнія гады з-за войнаў прагрэс у гэтай галіне значна запаволіўся. Таму я заклікаю ўдзельнікаў руху “Laudato si’” і ўсіх, хто працуе дзеля інтэгральнай экалогіі, аднавіць свае намаганні. Клопат пра мір — гэта клопат пра жыццё!” – нагадаў Папа.

17 мая 2026, 12:46