Пантыфік – біскупам: будзьце свабоднымі ў абвяшчэнні Хрыста
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пантыфік прыняў італьянскіх іерархаў на аўдыенцыі 28 мая 2026 года ў ватыканскай Сінадальнай зале. На пачатку звароту ён заклікаў не паддавацца песімізму перад абліччам выклікаў сучаснага грамадства і Касцёла, сярод якіх згадаў пра “стомленасць, раздробненасць і адзіноту”, адчуванне “цяжкасці з перадачай веры і прыцягненнем новых пакаленняў”.
“Езус, гледзячы на натоўп, бачыць не праблему, якую трэба вырашыць, а жніво – Божую ніву: “Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё“ (Лк 10, 2). Нястомны Сейбіт, Бог кожны дзень выходзіць у свет і шчодра сее ў сэрцах тугу па бясконцасці, па паўнаце жыцця і па збаўленні, якое вызваляе. Так, дзякуй Богу, жніво вялікае. Наша першая задача – пераняць позірк Пана. Не проста скардзіцца на зацвярдзелую глебу і не проста спыняцца на статыстычных дадзеных, але ўмець бачыць вачыма Уваскрослага тое жніво, якое рыхтуе нам Сам Бог”, - сказаў Папа.
Святы Айцец заклікаў біскупаў надаць прыярытэт Евангеллю, бо менавіта “з Евангелля нараджаецца вера, як жывая сустрэча з Хрыстом”. “Мы пакліканы спытаць сябе: якое аблічча Бога мы паказваем праз сваё прапаведаванне, катэхізацыю, літургію, справы міласэрнасці і жыццё нашых супольнасцяў? Якім чынам мы спрыяем сустрэчы з Хрыстом і што сёння азначае для нас і нашых Касцёлаў уводзіць іншых у хрысціянскае жыццё? Гэта пытанні, якія мы, як пастыры, павінны заўсёды задаваць сабе, ніколі не прымаючы адказы на іх як нешта відавочнае”, - сказаў Папа.
Леў XIV падкрэсліў важнасць абнаўлення ўвагі да працэсу хрысціянскага ўтаямнічання, якое не павінна разумецца толькі як падрыхтоўка да сакрамэнту. “Яно з’яўляецца “ўлоннем”, у якім супольнасць нараджае веру і ўводзіць у пасхальнае жыццё, еднасць з Панам, касцельнае братэрства”, - сцвердзіў Пантыфік, выказаўшы пажаданне, каб Касцёл у Італіі быў здольны падтрымліваць у катэхуменах першапачатковы энтузіязм.
“Вера перадаецца і расце там, дзе ёсць жывыя і гасцінныя супольнасці, здольныя маліцца і слухаць; супольнасці, у якіх Божае слова не застаецца на ўзбочыне, а асвятляе выбар; дзе Эўхарыстыя сапраўды з’яўляецца крыніцай і вяршыняй; дзе бедныя – гэта не знешнія адрасаты нейкага служэння, а браты і сёстры, у якіх да нас прамаўляе Пан; дзе моладзь – гэта твары, галасы і гісторыі, з якімі вядзецца дыялог; дзе сем’і не застаюцца пакінутымі сам-насам і раны не хаваюцца, а з пакорай прыносяцца да Пана; дзе вера становіцца дзейснай залучанасцю ў жыццё грамадства, палітыкі і культуры”, - дадаў ён.
Святы Айцец адзначыў, што біскупы пакліканы ўмець уважліва слухаць: Божае слова, Божы народ, знакі часу і тое, што “ставіць пад пытанне нашы душпастырскія звычкі”. У гэтым кантэксце ён падкрэсліў важнасць сінадальнасці, якая дазваляе кожнаму “ахвяраваць дар, атрыманы ад Святога Духа, для супольнага будавання”.
Папа заўважыў, што ўдзел усіх ахрышчаных у жыцці Касцёла – “гэта не нейкая саступка: гэта тое, чаго патрабуе еднасць і місія, і таму ён павінен стаць метадам, адказнасцю і крытэрыем праверкі, з удзелам розных харызмаў і служэнняў і з павагай да асаблівай задачы біскупа”. Пантыфік падкрэсліў, што сапраўднае слуханне дазваляе супольнасці не замыкацца ў сабе, а робіць яе месцам распазнання і місіі і дапамагае абнаўляцца.
Святы Айцец заклікаў “не вымяраць плённасць Касцёла крытэрыямі колькасці, бачнасці ці ўплыву”. “Калі глядзім вачыма Бога, заўважаем, што Ён выбраў шлях маласці, каб сысці да нас. Логіка маласці – гэта сапраўдная сіла Касцёла. Яна не заключаецца ні ў яго рэсурсах ці структурах, а плёны яго місіі не паходзяць ад колькаснай згоды, эканамічнай моцы ці сацыяльнай значнасці. Касцёл жыве святлом Ягняці і, сабраны вакол Яго, накіроўваецца па дарогах свету моцаю Святога Духа”, - дадаў Папа.
На заканчэнне прамовы Леў XIV звярнуўся да іерархаў з моцным місіянерскім заклікам. “Майце адвагу выбіраць істотнае! Адвагу супольнасцяў, якія менш заклапочаныя захаваннем усяго і больш свабодныя ў абвяшчэнні Хрыста. Адвагу катэхізацыі, як шляху ўтаямнічання і пастаяннага фармавання ў хрысціянскім жыцці. Адвагу гасцінных і місійных парафій, у якіх сем’і знаходзяць сябе і аднаўляюцца жыватворным сокам Евангелля. Адвагу жывых органаў удзелу. Адвагу слухаць моладзь, не згладжваючы вастрыні яе пытанняў. Адвагу дазваляць бедным евангелізаваць нас. Адвагу нацыянальнай структуры, якая ўсё больш служыць місійнай еднасці Касцёла ў Італіі. Народ нараджаецца ад маці і бацькоў у веры, ад супольнасцяў, якія ўмеюць сказаць найперш сваім жыццём, а ўжо потым словамі: “Мы знайшлі Месію” (Ян 1, 41). Італія мае патрэбу ў гэтым сведчанні”, - сказаў Папа.
