Пантыфік: удзячнасць за ахвяраванні і заклік да еднасці ў веры
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Леў XIV нагадаў, што ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла ў Касцёле ва ўсім свеце праходзіць штогадовая ініцыятыва пад назвай “Грош святога Пятра”, у межах якой збіраюцца сродкі на падтрымку дзейнасці Папы і структур Апостальскай Сталіцы.
“Шчыра дзякую ўсім, хто сваімі ахвяраваннямі падтрымлівае маё служэнне як Наступніка Пятра. Давайце працягваць супольны шлях у веры і еднасці”, - сказаў Пантыфік.
Леў XIV заўважыў, што апосталы Пётр і Павел з’яўляюцца нябеснымі апекунамі Рыма, у сувязі з чым запэўніў у сваёй духоўнай блізкасці ўсім жыхарам гэтага горада, асабліва хворым, самотным і вязням. Папа выказаў асаблівую падзяку святарам, манахам і манахіням Вечнага горада за тое, што “сваёй прысутнасцю і штодзённым служэннем яны падтрымліваюць жывым яго вялікае хрысціянскае сэрца”.
Святы Айцец прывітаў таксама рымскіх бяздомных, якія сабраліся на Плошчы Святога Пятра, каб прыняць удзел у распаўсюджванні газеты “L’Osservatore di strada” – дадатку да афіцыйнага ватыканскага друкаванага выдання “L’Osservatore Romano”. Пантыфік падзякаваў усім, хто прымае ўдзел у выданні гэтай газеты.
