Святы Айцец да “Caritas”: несці Божую дабрыню хворым
Аляксандр Панчанка - Vatican News
23-25 чэрвеня 2026 года прадстаўнікі найбуйнейшай каталіцкай дабрачыннай арганізацыі з больш чым 28 краін Азіі, Амерыкі, Афрыкі, Блізкага Усходу і Еўропы сабраліся ў Кастэль-Гандольфа на канферэнцыі, прысвечанай цэласнаму падыходу да аховы здароўя.
Кардынал Паралін запэўніў іх у духоўнай блізкасці Папы і ў яго малітве аб тым, каб сустрэча надала новы імпульс супрацоўніцтву і салідарнасці ў “намаганнях па паляпшэнні медыцынскай дапамогі хворым, заснаванай на евангельскіх каштоўнасцях”.
Дзяржсакратар нагадаў, што ў Святым Пісанні “Езус часта паказваецца як Боскі Лекар, які прыносіць аздараўленне хворым, вылечваючы самыя розныя душэўныя, фізічныя і духоўныя немачы, што выклікалі боль, прыніжэнне і ізаляцыю”.
Іерарх спаслаўся на словы энцыклікі Льва XIV “Magnifica humanitas” пра “анталагічную годнасць”, якая “належыць кожнаму чалавеку проста таму, што ён існуе, быў пажаданы, створаны і ўлюбёны Богам”, незалежна ад яго жыццёвых абставінаў.
“Вяртаючы людзям здароўе, Езус адкрывае гэтую прыроджаную годнасць і тым самым указвае на наша вечнае збаўленне ў Богу. Святы Айцец заахвочвае вас і надалей спрыяць выкананню місіі Касцёла, які абвяшчае Валадарства Божае сваёй прысутнасцю сярод хворых, паказваючы, што збаўленне не з’яўляецца абстрактнай ідэяй, але пачынаецца з канкрэтнага дзеяння – лячэння ран тых, хто церпіць”, - напісаў кардынал Паралін.
Напрыканцы паслання іерарх перадаў удзельнікам канферэнцыі словы Папы, які выказваў надзею на тое, што праца “Caritas” заўсёды будзе скіравана на тое, каб “несці Божую спагаду і дабрыню найбольш патрабуючым”.
