Пошук

Леў XIV падчас цырымоніі прысуджэння Філадэльфійскага медаля Свабоды Леў XIV падчас цырымоніі прысуджэння Філадэльфійскага медаля Свабоды  (@Vatican Media)

Леў XIV павіншаваў амерыканцаў з 250-й гадавінай заснавання ЗША

Папа накіраваў пасланне да амерыканцаў з нагоды 250-годдзя падпісання Дэкларацыі незалежнасці ЗША, якое адзначаецца 4 ліпеня 2026 года. Ён запэўніў амерыканскі народ у сваіх малітвах і выказаў надзею на тое, што дух 1776 года будзе працягваць натхняць краіну на адзінства і надзею.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У пасланні Леў XIV звярнуў увагу на асноватворныя прынцыпы, якія паўплывалі на фарміраванне амерыканскай дзяржаўнасці: свабоду веравызнання і непарушную годнасць чалавечай асобы. Ён падкрэсліў, што Дэкларацыя незалежнасці стала адлюстраваннем ідэалаў свабоды, роўнасці, імкнення да шчасця, справядлівасці і дэмакратычнага самакіравання. На працягу 250 гадоў пакаленні амерыканцаў сваёй працай, самаахвярным служэннем і грамадзянскай дзейнасцю імкнуліся рэалізоўваць гэтыя прынцыпы.

Папа падкрэсліў, што прынцып свабоды веравызнання дазволіў людзям свабодна вызнаваць веру без прымусу і страху. Гэтая свабода займае цэнтральнае месца ў амерыканскай палітыцы, абараняючы годнасць чалавека і мірнае суіснаванне разнастайнага грамадства, а таксама спрыяючы развіццю Касцёла ў Злучаных Штатах на карысць усёй нацыі. Пантыфік адзначыў ролю католікаў у грамадскім жыцці, падкрэсліўшы, што вера не супярэчыць грамадзянскаму абавязку, а наадварот узмацняе яго.

Святы Айцец нагадаў пра годнасць чалавечага жыцця, сцвярджаючы, што кожная асоба валодае непарушнай каштоўнасцю, якая патрабуе шанавання, абароны і клопату ад зачацця да натуральнай смерці. Ён заклікаў будаваць грамадства, у якім асаблівая ўвага надаецца ўразлівым і пакінутым.

Пантыфік таксама адзначыў важнасць салідарнасці з мігрантамі, падкрэсліўшы іх уклад у амерыканскае грамадства з самага яго заснавання. Гасціннасць да тых, хто шукае свабоды і магчымасцяў, з’яўляецца не толькі актам міласэрнасці, але і прызнаннем годнасці кожнага чалавека.

Напрыканцы паслання Святы Айцец заклікаў амерыканцаў абнавіць сваю прыхільнасць да свабоды, справядлівасці, магчымасцяў і дэмакратыі. Ён даручыў народ ЗША заступніцтву Маці Божай Беззаганнага Зачацця, апякункі краіны, просячы, каб Яна працягвала ахоўвала ўсіх яе жыхароў.

04 ліпеня 2026, 13:27