Пантыфік – Касцёлу ў Азіі: Бог хоча жыць у сэрцы чалавека
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Леў XIV скіраваў ліст да кардынала Освальда Грасіяса, арцыбіскупа-эмерыта Бамбея, свайго спецыяльнага пасланніка на XII пленарную асамблею Федэрацыі Канферэнцый Біскупаў Азіі (FABC), якая адбудзецца з 20 па 26 ліпеня 2026 года ў сталіцы Інданезіі – Джакарце.
Звяртаючыся да дарагога яго сэрцу Касцёла ў Азіі, Папа выказаў пажаданне, каб ён ніколі не пераставаў квітнець ў веры і чалавечнасці. Ён заклікаў мясцовую каталіцкую супольнасць не баяцца “запэцкаць рукі на будоўлі нашага часу” і нястомна працаваць, ставячы Бога “на гарызонт нашых дзеянняў, а чалавека – у цэнтр нашых рашэнняў”.
“Такім чынам адкінутыя камяні – бедныя, хворыя, мігранты, абяздоленыя – стануць вуглавымі камянямі, і на зямлі паўстане трывалы і гасцінны агульны дом, дзе любоў і праўда нарэшце сустрэнуцца, а справядлівасць і мір пацалуюцца”, - напісаў ён.
Папа заўважыў, што для дасягнення гэтай мэты неабходна прасіць Бога аб ласцы быць “будаўнікамі адзінства, а не архітэктарамі Вавілона гэтага веку; слугамі Валадарства, якое надыходзіць, а не будаўнікамі вежаў, асуджаных на разбурэнне”.
“Таму з пастырскім і бацькоўскім сэрцам мы жадаем заахвоціць усіх спыніць будаўніцтва чарговага Вавілона і аб’яднаць сілы дзеля стварэння сапраўднага дабра, каб чалавецтва, а разам з ім і Касцёл, не страцілі сваёй прыгажосці і каб свет зноў мог распазнаць у сэрцы чалавека дом і боскую святыню, дзе жадае жыць Хрыстус”, - напісаў Святы Айцец.
