Пошук

Пантыфік заклікаў Еўропу да салідарнага адказу на міграцыйны крызіс

Падчас святой Імшы на Лампедузе Пантыфік падзякаваў жыхарам вострава за іх блізкасць да мігрантаў і заклікаў Еўропу да доўгатэрміновага, комплекснага і салідарнага адказу на міграцыйны выклік.

Марыя Валодзіна – Vatican News

У гаміліі Леў XIV нагадаў, што востраў стаў сімвалам сустрэчы народаў у Міжземным моры. Ідучы шляхам Папы Францішка, які ў 2013 годзе здзейсніў сваё першае падарожжа ў якасці Наступніка святога Пятра менавіта на Лампедузу, ён таксама пажадаў асабіста прыбыць сюды, каб падзякаваць мясцовай супольнасці за сведчанне гасціннасці і міласэрнасці.

Прыпавесць пра міласэрнага самараніна і досвед Лампедузы

Разважаючы над прыпавесцю пра міласэрнага самараніна (пар. Лк 10, 25-37), Святы Айцец параўнаў Лампедузу і Лінозу з дарогай з Ерузалема ў Ерыхон, на якой чалавек трапіў у рукі разбойнікаў. Мясцовыя жыхары бачылі не аднаго, а тысячы такіх людзей, пазбаўленых усяго, ледзь жывых. Многія знайшлі смерць у моры, так і не дасягнуўшы жаданага берага. Сустрэча з знясіленым і абяздоленым чалавекам, патрабуе не інтэлектуальных разважанняў і ідэалагічных перакананняў, а канкрэтнай блізкасці, бо, як вучыць Евангелле, блізкімі не нараджаюцца, а становяцца, - падкрэсліў Пантыфік.

Леў XIV скіраваў словы ўдзячнасці да жыхароў Лампедузы, валанцёраў, асацыяцый, грамадскіх інстытутаў, берагавой аховы, а таксама духавенства, кансэкраваных асоб, медыкаў, псіхолагаў, выхавацеляў і служб бяспекі. Ён адзначыў, што на востраве дзейнічае “арганізаваная міласэрнасць” – міласэрнасць, якая нараджаецца са спагады да брата ў моры і становіцца здольнасцю да служэння. Папа прывітаў прысутных на Імшы мігрантаў і заўважыў, што яны не толькі прымалі дапамогу, але і самі шмат разоў праяўлялі салідарнасць з яшчэ больш уразлівымі. “Дзякуй, браты і сёстры, таму што ў вашай блізкасці няма нічога відавочнага, нічога аўтаматычнага”, - сказаў ён.

Прычыны сучаснай міграцыйнай драмы

Пантыфік падкрэсліў, што мігранты становяцца ахвярамі не толькі кантрабандыстаў, але і палітычных рашэнняў або іх адсутнасці. Ён назваў прычынамі сучаснай драмы мігрантаў карупцыю і занядбанне агульнага дабра ў краінах іх паходжання; сусветную эканамічную сістэму, якая спараджае беднасць і выключэнне; страх, які жывіць прадузятасць і пагарду; абыякавасць; злачынны разлік тых, хто нажываецца на чужой драме; а таксама павольнасць у пераходзе ад адказу на надзвычайныя крызісы да распрацоўкі доўгатэрміновай міграцыйнай палітыкі.

Святая Імша на Лампедузе
Святая Імша на Лампедузе

Спыніцца перад чужым болем

Леў XIV нагадаў, што рэлігійная прыналежнасць ніколі не павінна быць падставай для дыскрымінацыі, а вера не мае меж, бо з'яўляецца ўсеагульным заклікам да збаўлення. Ён заклікаў не абыходзіць чужыя пакуты, але спыніцца, расчуліцца, схіліцца, плакаць перад чужым болем, як гэта рабіў Езус, дазволіць болю іншага чалавека крануць сябе і ўвайсці ў дынаміку Божай любові, якая адкрываецца ў міласэрнасці. Менавіта так можа паўстаць “цывілізацыя любові”, пра якую вучылі яго папярэднікі – святыя Ян ХХІІІ, Павел VI і Ян Павел ІІ. “На плячах гэтых гігантаў мы ўвайшлі ў тысячагоддзе, у якім павінны надаць духоўную, культурную, прававую, палітычную і эканамічную форму цывілізацыі любові”, - зазначыў Папа.

Цывілізацыя любові як адказ на дэгуманізацыю

Цывілізацыя любові нараджаецца не з аднаго эфектнага жэсту, а з сукупнасці дробных і трывалых праяў вернасці, якія ствараюць бар'ер супраць дэгуманізацыі (“Magnifica humanitas”, 213). Кожны з нас пакліканы выбіраць: падсілкоўваць логіку моцы (абыякавасцю, цынізмам, хлуснёй, нянавісцю) або логіку міру (праўдай, разважлівасцю, блізкасцю, клопатам), - працытаваў сваю новую энцыкліку Пантыфік.

Заклік да Еўропы

Святы Айцец звярнуўся з заклікам да Еўропы. Ён адзначыў, што з ускраіны Міжземнага мора асабліва выразна бачны гістарычны выклік, які міграцыя ставіць перад еўрапейскімі грамадствамі. Еўропа, дзякуючы сваёй гісторыі, культуры, геаграфічнаму становішчу і інстытуцыйным магчымасцям, здольная адказаць на гэты крызіс комплексна, спалучаючы першую дапамогу з доўгатэрміновым стратэгічным планам, які будзе накіраваны на гасціннасць, абарону, развіццё і інтэграцыю мігрантаў, а таксама на развіццё краін іх паходжання, каб ніхто не быў вымушаны пакідаць радзіму. У цэнтры такога адказу павінна заставацца годнасць кожнага чалавека. Гэта задача дзяржаўных інстытутаў, а таксама грамадзянскай супольнасці і Касцёла, - падкрэсліў Папа.

Напружанне паміж турызмам і міграцыяй

Леў XIV закрануў пытанне напружання, якое існуе паміж турыстычнай сферай і драмай міграцыі. Ён заўважыў, што культура гасціннасці на востраве мае і турыстычнае вымярэнне, але яно не павінна прыводзіць да абыякавасці або супрацьпастаўлення “мора турыстаў” і “мора караблекрушэнняў”. Пантыфік заклікаў жыхароў і гасцей Лампедузы адважыцца думаць інакш, каб нават час адпачынку на востраве станавіўся магчымасцю для чалавечага росту. Сапраўдны адпачынак там, дзе зноў знаходзіцца сэнс жыцця, а сапраўдны дабрабыт – калі эканоміка справядлівая і братэрская, - адзначыў Святы Айцец.

На заканчэнне гаміліі Папа звярнуўся да Маці Божай Бяспечнай Прыстані, апякункі Лампедузы. Ён нагадаў, што ўсе мы маем у Богу бяспечную гавань, а кожная хрысціянская супольнасць паклікана быць яе адлюстраваннем на зямлі. “Няхай вам ніколі не бракуе подыху веры, надзеі і любові. O'scià!” – завяршыў гамілію Леў XIV.

Святая Імша з Папам на Лампедузе
Святая Імша з Папам на Лампедузе
04 ліпеня 2026, 12:10