Папа – легату ва Украіне: даверыць Богу ўсіх, хто пакутуе ад вайны
Аляксандр Панчанка – Vatican News
11 ліпеня 2026 года Леў XIV накіраваў ліст арцыбіскупу Полу Рычарду Галахеру, сакратару па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, якога прызначыў сваім спецыяльным пасланнікам на святкаванне 35-годдзя аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла лацінскага абраду ва Украіне. Урачыстасці адбудуцца 19 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Святога Шкаплера ў Бярдзічаве.
Папа распачаў свой зварот цытатай з паслання Грыгорыя IX, накіраванага ў 1234 годзе да духавенства і вернікаў лацінскага абраду, якія пражывалі на тэрыторыі сучаснай Украіны. У ім адзначалася, што Касцёл з асаблівай любоўю клапоціцца пра сваіх “адданых і пакорных дзяцей” і “ахінае іх матчынай апекай, каб яны не цярпелі ад пераследу з боку злых людзей”.
У пасланні таксама гаварылася, што яны, “натхнёныя руплівасцю ў веры і пабожнасці, сталі абарончым мурам для пашырэння пашаны да Божага імя”, і менавіта таму часта станавіліся ахвярамі пераследнікаў хрысціянскай веры, якія няспынна чынілі ім шкоду.
Леў XIV адзначыў, што ў наступныя стагоддзі “каталіцкія святары і вернікі, якія жылі на гэтай зямлі, мужна сведчылі пра веру ў розных гістарычных абставінах”, асабліва ў ХХ стагоддзі, калі “Украіна была падпарадкавана рэжыму, натхнёму савецкай ідэалогіяй”.
“У той час Каталіцкі Касцёл у гэтым рэгіёне зведаў жорсткі пераслед, які быў арганізаваны і ажыццяўляўся дзяржаўнай уладай з мэтай яго поўнага знішчэння сярод народа”, - нагадаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што пасля цяжкага перыяду пераследу Каталіцкі Касцёл ва Украіне зноў аднавіў сваё жыццё і развіццё: цяпер ён адзначае 35-ю гадавіну аднаўлення сваіх структур, а таксама 25-ю гадавіну апостальскага візіту святога Яна Паўла ІІ.
Леў XIV надзяліў арцыбіскупа Галахера паўнамоцтвамі ўзначаліць ад яго імя запланаваныя ў Бярдзічаве літургічныя цэлебрацыі і запэўніць усіх у яго бацькоўскай блізкасці. Папа заклікаў свайго легата ў малітвах “даверыць Богу ўсіх жывых і памерлых вернікаў гэтага народа, які моцна церпіць ад жорсткай вайны”, і заахвоціць удзельнікаў урачыстасцей “маліцца аб міры для свету і сем’яў, а таксама захоўваць вернасць Божым запаведзям”.
