Пошук

Леў XIV на балконе Апостальскага палаца ў Кастэль-Гандольфа Леў XIV на балконе Апостальскага палаца ў Кастэль-Гандольфа  (@VATICAN MEDIA )

Леў XIV прыбыў на адпачынак у Кастэль-Гандольфа

Леў XIV прыбыў на летні адпачынак у Кастэль-Гандольфа, дзе застанецца да 27 ліпеня 2026 года, і з балкона Апостальскага палаца павітаў вернікаў, якія сабраліся на плошчы Свабоды.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пантыфік прыехаў у мястэчка рэгіёна Кастэлі Рамані ў другой палове дня ў нядзелю, 5 ліпеня 2026 года. Гэтаму папярэднічалі яго суботні пастырскі візіт на Лампедузу і сустрэча з вернікамі на малітву "Анёл Панскі" на Плошчы Святога Пятра.

Традыцыйнае палотнішча з папскім гербам, вывешанае на балконе Апостальскага палаца, стала для прысутных знакам прыезду Пантыфіка.

З балкона сваёй летняй рэзідэнцыі Леў XIV звярнуўся да мясцовых жыхароў, якія з нецярпеннем чакалі яго ў ліпені. "Добры вечар, добры вечар, Кастэль-Гандольфа!" - менавіта з гэтых слоў распачаў прамову Папа. Ён прызнаўся, што вельмі рады быць сярод вернікаў і спадзяецца прысвяціць наступныя тыдні адпачынку, малітве, чытанню і спорту. Пантыфік дадаў, што кожная сустрэча заўсёды застаецца важным момантам братэрскага яднання.

Вернікі на плошчы Свабоды ў Кастэль-Гандольфа падчас звароту Пантыфіка
Вернікі на плошчы Свабоды ў Кастэль-Гандольфа падчас звароту Пантыфіка   (@VATICAN MEDIA)

Перад натоўпам, які сустракаў кожнае слова апладысментамі, Леў XIV удзяліў сваё благаслаўленне. "Я таксама запэўніваю вас у сваіх малітвах, заўсёды, але асабліва на працягу наступных тыдняў... няхай Бог заўсёды суправаджае вас!" - сказаў Святы Айцец.

Папа таксама асобна павітаў мясцовага пробашча і парафію святога Тамаша з Вілановы, дзе 13 ліпеня 2025 года адправіў святую Імшу.

На перыяд адпачынку Святога Айца агульныя, прыватныя і спецыяльныя аўдыенцыі цалкам прыпыняюцца. Яны адновяцца толькі ў сераду 5 жніўня 2026 года, а ліпеньскія нядзельныя малітвы "Анёл Панскі" будуць гучаць на плошчы Свабоды ў Кастэль-Гандольфа.
 

06 ліпеня 2026, 09:59