Святы Айцец паабедае з 200 беднымі з Рымскай дыяцэзіі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Абед стане працягам ініцыятывы, распачатай 17 жніўня 2025 года, калі Пантыфік паабедаў з беднымі ў Альбана. Менавіта з таго досведу нарадзілася ідэя штогадовай сустрэчы, у межах якой кожная дыяцэзія зможа запрашаць да ўдзелу бедных, бежанцаў, мігрантаў і іншых людзей, якія апынуліся ў цяжкім становішчы. Гэта дасць ім магчымасць правесці дзень у атачэнні прыгажосці стварэння і асабіста сустрэцца са Святым Айцом.
Сёлетняе мерапрыемства арганізавалі Цэнтр вышэйшай адукацыі “Laudato si’”, Дыкастэрыя па міласэрным служэнні і Рымская дыяцэзія. Яго мэта – не толькі працяг традыцыі салідарнасці з найбольш уразлівымі, але і сведчанне непадзельнай сувязі паміж клопатам пра стварэнне і клопатам пра чалавека.
Кіраўнік Цэнтра вышэйшай адукацыі “Laudato si’”, кардынал Фабіа Баджа адзначыў, што гэтае мястэчка было створана як прастора, якая сведчыць пра адзінства місіі абароны стварэння і служэння чалавеку. На яго думку, пасля паездкі на Лампедузу гэтая сустрэча стане для Льва XIV новым крокам насустрач сацыяльным перыферыям. У садах Кастэль-Гандольфа Пантыфік сустрэнецца з людзьмі, якія жывуць у цяжкіх жыццёвых абставінах, і тым самым пацвердзіць, што Касцёл пакліканы быць там, дзе чалавечая годнасць патрабуе слухання, блізкасці і надзеі, - падкрэсліў іерарх.
Прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, біскуп Луіс Марын дэ Сан Марцін лічыць, што гэты выбар Святога Айца яшчэ раз пацвярджае: хрысціянская міласэрнасць здзяйсняецца з дапамогай блізкасці, сустрэчы і гасціннасці. Калі Касцёл ставіць у цэнтр увагі найбольш уразлівых, ён сведчыць пра тое, што ў Божым сэрцы ніхто не маргіналізаваны.
Па словах кардынала Бальдасарэ Рэйна, галоўнымі ўдзельнікамі гэтай падзеі стануць людзі, якім штодня дапамагаюць у парафіях, “Карытас” і шматлікіх касцёльных і дабрачынных супольнасцях Рыма. Сустрэча са Святым Айцом верне цэнтральнае месца тым, хто занадта часта застаецца на перыферыі грамадскага жыцця, а таксама нагадае ўсёй хрысціянскай супольнасці пра адказнасць за клопат пра бліжняга, - адзначыў генеральны вікарый Рымскай дыяцэзіі.
