Папа: не дазволім вятрам вайны пагасіць агеньчык надзеі і міру
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“На жаль, зноў дзьмуць вятры вайны на Блізкім Усходзе, ва Украіне і ў многіх іншых частках свету, сеючы гвалт, страх і смерць і зноў удараючы па мноству нявінных людзей. Не дазволім гэтым вятрам пагасіць маленькі агеньчык надзеі і міру, нават калі ён здаецца кволым і хісткім. Я зноў выказваю сваё пажаданне настойліва ісці шляхам дыялогу, сустрэчы і дыпламатыі – адзіным шляхам, здольным прывесці да справядлівага і трывалага міру, у якім народы змогуць жыць у прымірэнні, ва ўзаемнай бяспецы і з павагай да годнасці кожнага чалавека”, - сказаў Папа.
Леў XIV згадаў таксама пра Нядзелю мора, якая адзначаецца ў Касцёле, падкрэсліўшы, што ў гэты дзень яго думкі “скіраваны да ўсіх маракоў, рыбакоў і работнікаў партоў у свеце, якія, перажываючы разлуку са сваімі блізкімі і часам страх перад канфліктамі, што закранаюць марскія шляхі, сваёй цярплівай і маўклівай працай падтрымліваюць гандаль і жыццё многіх народаў”.
Святы Айцец далучыўся ў малітве да шматлікіх польскіх вернікаў, якія здзяйсняюць пілігрымку да санктуарыя Маці Божай Чэнстахоўскай на Яснай Гары, выказаўшы пажаданне, каб яны, “як місійныя вучні, былі радаснымі сведкамі Евангелля”.
