Архіўнае фота Льва XIV з біскупамі Усходніх Цэркваў Архіўнае фота Льва XIV з біскупамі Усходніх Цэркваў  (@Vatican Media)

Леў XIV унёс змены ў Кодэкс Канонаў Усходніх Цэркваў

Апостальскім лістом “motu proprio” Папа ўнёс змены ў нормы Кодэкса Канонаў Каталіцкіх Усходніх Цэркваў, вызначыўшы парадак дзеянняў у выпадку адхілення Патрыярха ад пасады.

Марыя Валодзіна - Vatican News

29 жніўня 2026 года Пантыфік выдаў “Mutua сoncordia” – апостальскі ліст у форме “motu proprio”, якім змяніў 106-ы і 126-ы каноны Кодэкса Канонаў Усходніх Цэркваў. Новыя нормы вызначаюць парадак дзеянняў у выпадку сур’ёзнага і незваротнага разрыву еднасці паміж Патрыярхам і Сінодам Біскупаў Патрыяршай Царквы.

Як адзначаецца ў дакуменце, ва Усходніх Цэрквах існуе цесная сувязь паміж Патрыярхам, які ўзначальвае Царкву “tamquam pater et caput” (“як айцец і глава”), і Сінодам Біскупаў, які склікае і ўзначальвае Патрыярх. Гарманічныя адносіны паміж імі, заснаваныя на ўзаемнай павазе і слуханні, з’яўляюцца неабходнай умовай плённага царкоўнага жыцця і служаць адзінству.

Паводле Кодэкса Канонаў Усходніх Цэркваў, менавіта члены Сінода Біскупаў выбіраюць Патрыярха, абвяшчаюць яго абранне і здзяйсняюць яго інтранізацыю. Да гэтага часу кананічнае права прадугледжвала, што патрыяршая катэдра становіцца вакантнай у выпадку смерці або адрачэння Патрыярха. Рашэнне аб прыняцці адрачэння належыць Сіноду Біскупаў пасля кансультацыі з Пантыфікам, калі толькі сам Патрыярх не звярнуўся непасрэдна да яго.

Аднак у Кодэксе Канонаў Усходніх Цэркваў не было нормы, якая рэгулявала б сітуацыю, калі адносіны паміж Патрыярхам і Сінодам Біскупаў сур’ёзна і незваротна парушаюцца, а Патрыярх пры гэтым адмаўляецца падаць у адстаўку. Такая сітуацыя магла б заблакіраваць нармальнае кіраванне Царквой.

“Mutua Concordia” пакліканы запоўніць гэты прававы прабел, узмацніўшы кампетэнцыю Сінода Біскупаў Усходніх Цэркваў. Новыя нормы дазваляюць Сіноду ў выпадку сур’ёзнай прычыны запатрабаваць ад Патрыярха падаць у адстаўку, а калі ён гэтага не зробіць – распачаць працэдуру адхілення ад пасады.

Такая магчымасць адпавядае прыродзе Усходніх Цэркваў sui iuris і прынцыпу біскупскай калегіяльнасці. Пры гэтым яна не адмяняе паўнамоцтваў Святога Пасада, паколькі канчатковая згода на рашэнне Сінода Біскупаў аб адхіленні Патрыярха застаецца за Пантыфікам.

Згодна з новай рэдакцыяй канона 106, калі Патрыярх не выконвае сваіх абавязкаў па скліканні Сінода Біскупаў, яго можа законна склікаць найстарэйшы паводле атрымання біскупскай сакры біскуп, які мае права голасу. Калі і ён не зробіць гэтага, адпаведнае права пераходзіць да наступных паводле часу пасвячэння біскупаў.

Зменены канон 126 вызначае, што ў выпадку сур’ёзнай прычыны, Сінод Біскупаў Патрыяршай Царквы можа запатрабаваць ад Патрыярха адмовіцца ад пасады. Калі пасля гэтага Патрыярх не падасць у адстаўку, найстарэйшы паводле атрымання біскупскай сакры біскуп з правам голасу павінен забяспечыць абранне Сінодам Біскупаў новага кіраўніка.

Пасля гэтага Сінод праводзіць галасаванне па пытанні адхілення Патрыярха. Для прыняцця адпаведнага рашэння неабходная большасць не менш за дзве трэці членаў Сінода, якія маюць права голасу. Пры гэтым Патрыярху павінна быць гарантавана поўнае права на абарону сваёй пазіцыі перад Сінодам.

Старшыня Сінода Біскупаў павінен як мага хутчэй паведаміць аб прынятым рашэнні Пантыфіку. Пасля яго згоды патрыяршая катэдра становіцца вакантнай. Зацвярджэнне Папам рашэння Сінода павінна гарантаваць адпаведнасць працэдуры нормам кананічнага права.

Новыя нормы таксама тычацца асноўных архіепіскапскіх Цэркваў.

Перад тым, як унесці вышэйзгаданыя змены ў Кодэкс Канонаў Усходніх Цэркваў, Леў XIV атрымаў кансультацыі Дыкастэрыі па заканадаўчых тэкстах і Дыкастэрыі па справах Усходніх Цэркваў.

Дакумент будзе ўключаны ў афіцыйны зборнік актаў Святога Пасада (Acta Apostolicae Sedis) і набывае моц неадкладна з моманту публікацыі ў газеце “L’Osservatore Romano”.

29 жніўня 2026, 12:19