Леў XIV моладзі: будуйце цывілізацыю любові без раўнадушнасці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У свята Перамянення Пана, 6 жніўня 2026 года, Святы Айцец звярнуўся з гаміліяй да юнакоў і дзяўчат у святыні Маці Божай Анёльскай. Ён падкрэсліў, што Асізі – гэта месца, дзе кожнае жыццё можа змяніць сваю форму і выпраменьваць святло.
Разважаючы пра адкрыццё Божай славы на гары, Святы Айцец нагадаў, што Касцёл існуе для ўвядзення чалавека ў дынаміку слухання і прыняцця рашэнняў. Спасылаючыся на сваю першую энцыкліку, Папа падкрэсліў: "Кожнае пакаленне атрымлівае ў спадчыну заданне надаць форму свайму часу: узгадаваць гісторыю як месца, дзе ахоўваецца годнасць кожнага чалавека, спрыяюць справядлівасці і робіцца магчымым братэрства". Ён перасцярог ад рызыкі пабудовы бесчалавечнага свету і заклікаў скіраваць вочы да Хрыста – Уцелаўлёнае Слова.
Нагадваючы заклік Папы Францішка, Пантыфік засцярог ад спакусы трымацца на бяспечнай адлегласці ад ран Збаўцы. "Езус хоча, каб мы дакраналіся да чалавечай беднасці, каб дакраналіся да пакутнага цела іншых", - цытаваў Святы Айцец, заклікаючы адмовіцца ад пошуку асабістых ці супольных сховішчаў.
Назва сустрэчы "Go!" з'яўляецца сапраўднай місіяй, якая скіроўвае моладзь на дарогі без картаў, да тых перыферый, дзе несправядлівасць перашкаджае годнасці дзяцей Божых. Папа заклікаў адмовіцца ад культуры сілы і разбураць муры, якія падзяляюць людзей.
Леў XIV заклікаў моладзь аб'яднаць лепшыя сілы сваёй чалавечнасці і прыгадаў вядомую малітву аб міры: "Пане, учыні мяне прыладай Твайго супакою". Ён выказаў спадзяванне на тое, што дні ў Асізі застануцца ў памяці ўдзельнікаў, а іх вяртанне дадому будзе падобным да спуску апосталаў з гары Перамянення. Гэта павінна быць вяртанне, адкрытае да будучыні і поўнае вернасці Хрысту, які заўсёды застаецца побач.
