Папа сустрэўся з дэлегацыяй Таварыства святога Вінцэнта дэ Поля
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
28 жніўня 2026 года ў Зале Кансісторыя Леў XIV прыняў дэлегацыю Таварыства святога Вінцэнта дэ Поля са Злучаных Штатаў Амерыкі. Ён падзякаваў гасцям за адданае служэнне. Добраахвотна ахвяруючы дадзеныя Богам дары і здольнасці, яны, паводле слоў Папы, даюць красамоўнае сведчанне сваёй веры і ўдзельнічаюць у будаванні Валадарства Божага.
Пантыфіка заахвоціў вінцэнціянцаў паглыбляць адносіны з Хрыстом, каб Яго ласка і надалей вяла і ўмацоўвала іх у служэнні. Ён згадаў прыклад святога Вінцэнта дэ Поля, які паказаў, што малітва і сацыяльная справядлівасць "не проста дапаўняюць адна адну, але насамрэч непадзельныя".
Леў XIV выказаў пажаданне, каб Таварыства заўсёды звярталася да свайго нябеснага апекуна, ішло яго прыкладам і прасіла яго заступніцтва.
Згадваючы апостальскую адгартацыю "Dilexi Te", Папа спаслаўся на вучэнне святога Аўгустына пра хрыстацэнтрычны характар клопату пра бедных. Бог, адзначыў ён, шчодра адорвае тых, хто служыць патрабуючым. Таму Леў XIV заклікаў сваіх гасцей заўсёды аддаваць сябе іншым, каб ласка Пана ачышчала іх сэрцы і розум і дапамагала пазнаваць Хрыста як у тых, каму яны служаць, так і ў тых, з кім працуюць.
На заканчэнне сустрэчы Папа запэўніў дэлегацыю ў сваёй малітве і папрасіў перадаць яго сардэчныя прывітанні іх калегам і людзям, пра якіх яны клапоцяцца. Ён даручыў кожнага з прысутных заступніцтву Марыі, Маці Касцёла, і ўдзяліў ім апостальскае благаслаўленне.
