Пошук

Жалоба ў Нарвегіі Жалоба ў Нарвегіі 

Папа спачувае ў сувязі са смерцю караля Нарвегіі Харальда V

Леў XIV выказаў спачуванні каралеўскай сям’і і нарвежскаму народу ў сувязі са смерцю караля Харальда V, які памёр 28 жніўня ва ўзросце 89 гадоў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

У тэлеграме на англійскай мове, адрасаванай каралю Нарвегіі Хокану VIII, Папа выказаў смутак у сувязі са смерцю яго бацькі, караля Харальда V. Ён перадаў спачуванні членам каралеўскай сям’і і ўсім грамадзянам Нарвегіі, запэўніўшы іх у сваіх малітвах за вечны спачын памерлага манарха.

Святы Айцец таксама выказаў надзею, што яго шматгадовая адданая служба каралеўству будзе працягваць прыносіць плён. Напрыканцы тэлеграмы ён заклікаў Божае благаслаўленне суцяшэння і міру для нарвежскага народа і ўсіх, хто аплаквае смерць манарха.

Кароль Харальд V памёр 28 жніўня 2026 года ў 6:35 раніцы ва ўзросце 89 гадоў. 17 жніўня пасля медыцынскага абследавання ў сувязі з захворваннем крыві ён быў шпіталізаваны ў Нацыянальны шпіталь у Осла. Пазней яго стан пагоршыўся ў сувязі з бактэрыяльнай інфекцыяй крыві. Кароль пакутаваў на гемалітычную анемію – захворванне, якое выклікае хуткае разбурэнне эрытрацытаў.

Харальд V быў найстарэйшым манархам Еўропы. На трон Нарвегіі ён узышоў 17 студзеня 1991 года пасля смерці свайго бацькі, Улафа V, які кіраваў краінай больш за 35 гадоў.

29 жніўня 2026, 09:12