Пошук

Тэорыі прыходзяць і адыходзяць, а Centesimus annus застаецца

Гэты выпуск падкаста Эфата прысвечаны энцыкліцы святога Яна Паўла ІІ Centesimus annus. Яна ўяўляе сабой веху ў сацыяльным навучанні Касцёла, бо – сярод іншага – змяшчае новы погляд на лібералізм і рынкавую эканоміку.

Важна нагадаць пра перыяд, у якім гэтая энцыкліка паўстала. Гэта быў час вялікіх перамен: падзенне Савецкага Саюза, канец халоднай вайны і так званая трэцяя хваля дэмакратызацыі. На працягу адносна кароткага часу (1989 – 1991 гг.) наступіў пераход да дэмакратыі прыблізна ў 30 краінах свету. Гэта быў час небывалага аптымізму наконт распаўсюджання дэмакратыі ва ўсім свеце, час агромністых перамен і агромністых чаканняў. І вось, у гэты час паўстае энцыкліка Яна Паўла ІІ Centesimus annus, што ў перакладзе значыць Сотая гадавіна.

Чаму такая назва? Бо яна была прымеркавана да сотай гадавіны выдання Папам Ільвом ХІІІ энцыклікі Rerum novarum, якая паклала пачатак каталіцкай сацыяльнай навуцы як асобнай дысцыпліны, а таксама надала сацыяльнаму служэнню прыярытэтнае душпастырскае значэнне. За гэтыя сто гадоў здарылася ў сусветнай гісторыі вельмі шмат: дзве сусветныя войны, паўстанне і падзенне двух таталітарызмаў, дэкаланізацыя, глабалізацыя, і небывалая хваля дэмакратызацыі. Энцыкліка Centesimus annus стала спробай ухапіць гэтыя працэсы і павязаць іх паміж сабой, спробай знайсці агульны назоўнік для іх, а таксама зрабіць высновы на будучае.

13 студзеня 2025