Пошук

Як дэмакратыя ператвараецца ў тыранію

Мінулы выпуск быў прысвечаны разважанням Платона на тэму дэмакратыі. Гэты філосаф, ці не найбольш уплывовы цягам стагоддзяў, быў рашучым крытыкам дэмакратыі – і як дзяржаўнага ладу, і як стану душы чалавека. Гэта мела свой адбітак на сацыяльным навучанні Касцёла – як мінімум да пачатку ХХ стагоддзя Касцёл даволі насцярожана ставіўся да дэмакратыі.

Платонаўская крытыка дэмакратыі не з’явілася на пустым месцы – як старажытнаафінская дэмакратыя, так і сучасныя дэмакратыі маюць свае заганы. Гэта, канешне, не падстава, каб адмаўляцца ад гэтай формы грамадска-палітычнага жыцця, але важна гэтыя заганы ўсведамляць. І сённяшняя перадача будзе прысвечана самай галоўнай слабасці дэмакратыі, а менавіта – яе падатлівасці на дэмагогію, з-за якой дэмакратыя можа вырадзіцца ў нешта процілеглае – у тыранію або таталітарызм.

Дэмагогія становіцца магчымай таму, што грамадства функцыянуе без сістэмы каштоўнасцяў, без каштоўнасных пунктаў аднясення, з дапамогай якіх яны маглі б крытычна ацаніць тыя ці іншыя палітычныя заклікі. Папа Ян Павел ІІ неаднаразова паўтараў: “Гісторыя вучыць, што дэмакратыя без каштоўнасцяў ператвараецца ў яўны або замаскіраваны таталітарызм” (пар. Centesimus annus, 46).

20 лютага 2025