Ян Дамель. З Сібіры ў Мінск
У новым выпуску падкаста “У люстэрку вечнасці” Сяргей Харэўскі распавядае пра няпросты лёс Яна Дамеля – мастака, які прайшоў праз ссылку ў Сібір, але пасля вяртання ў Мінск стварыў свае найбольш значныя творы.
Гістарычныя палотны, партрэты і алтарныя абразы Дамеля сталі важнай часткай мастацкай спадчыны Беларусі, а жыццёвы шлях – сведчаннем таго, як вера, талент і стойкасць дапамагаюць пераадольваць самыя цяжкія выпрабаванні.
Пахаваны Ян Дамель на Кальварыйскіх могілках у Мінску, у крыпце касцёла. Замест помніка над яго магілай, паводле апошняй волі мастака, была змешчана карціна “Маленне Збавіцеля аб чашы” – твор, які сам Дамель лічыў сваім шэдэўрам. Сёння гэты абраз знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
Сімвалічна і годна, што некалькі гадоў таму ў Кальварыйскім касцёле, дзе пахаваны мастак, быў адкрыты мемарыяльны знак у яго гонар. Яго ўрачыста асвяціў арцыбіскуп-мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
Запрашаем паслухаць гісторыю мастака, які пакінуў пасля сябе не матэрыяльныя багацці, а добрае імя і творы, што працягваюць адлюстроўваць вечныя каштоўнасці.