Пошук

Францішак падчас сустрэчы з бірманскім епіскапатам. Янгон, 29 лістапада 2017 года. Францішак падчас сустрэчы з бірманскім епіскапатам. Янгон, 29 лістапада 2017 года.  

М'янма: біскупы заклікалі да гуманітарнай дапамогі насельніцтву

Каталіцкія біскупы М’янмы заклікалі да садзейнічання аказанню гуманітарнай дапамогі насельніцтву, павагі да чалавечага жыцця і да ініцыятыў на карысць справядлівасці і міру.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

11-14 студзеня 2022 года епіскапат сустрэўся на пленарным пасяджэнні ў Рангуне. “Мы рашуча заклікаем да павагі да жыцця, павагі да святасці культавых месцаў, недатыкальнасці бальніц і школ. Усе, хто спрабуе дапамагчы людзям, павінны быць абаронены”, - гаворыцца ў звароце па яго выніках.

У апошнія тыдні краіна перажыла небяспечную эскалацыю насілля і ўзброеных нападаў.

Іерархі падзякавалі святарам і кансэкраваным асобам, якія ўдзельнічаюць у суправаджэнні людзей, што ратуюцца ад небяспечнай сітуацыі. Храмы адчынілі свае дзверы для перамешчаных асоб, большасць з якіх – жанчыны, дзеці, старыя і хворыя. Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў М’янмы цвёрда верыць, што “з Богам усё магчыма”.

З 1 лютага 2021 года, з дня дзяржаўнага перавароту, у М'янме з насельніцтвам 54 мільёны загінулі каля 1,5 тысячы чалавек, у тым ліку не менш за 50 дзяцей, больш за 10 тысяч былі арыштаваныя. Сярод іх – каталіцкія святары і пратэстанцкія пастары.

Амаль 90% насельніцтва краіны вызнае будызм, хрысціяне складаюць менш за 7%. Большасць з іх – баптысты. Католікаў налічваецца каля 700 тысяч чалавек (каля 1,4% насельніцтва).
 

15 студзеня 2022, 10:54