Сусветная рада Цэркваў заклікае Маскоўскі Патрыярхат да дыялогу
Ян Глінскі
Раней дэлегацыя Сусветнай рады Цэркваў наведала Украіну, дзе абедзьве мясцовыя праваслаўныя супольнасці – Украінская Праваслаўная Царква Маскоўскага Патрыярхату і Украінская аўтакефальная Праваслаўная Царква – выказалі сваю гатоўнасць да дыялогу, які прапанавала рада Цэркваў.
“Кансалідацыя і адзінства ва ўкраінскім грамадстве, асабліва сярод праваслаўных вернікаў, якія складаюць большасць, – відавочная неабходнасць у актуальных умовах, у якіх знаходзіцца нацыя і народ Украіны”, – сказаў пастар Пілэй. Ён патлумачыў, што візіт у Маскву быў неабходны для абмеркавання магчымасці далучэння РПЦ да дыялогу аб вайне ва Украіне і яе наступствах, “у тым ліку адносна глыбокіх падзелаў у праваслаўнай сям’і ў гэтым кантэксце”. Генеральны сакратар выказаў удзячнасць Патрыярху Кірылу за яго “прыхільнасць да вывучэння гэтай магчымасці”.
Падчас сустрэчы з Кірылам пастар Пілэй прапанаваў уступны дыялог за круглым сталом з удзелам усіх зацікаўленых бакоў, каб заняцца такімі пытаннямі, як неабходнасць заканчэння вайны і аднаўленне адзінства “праваслаўнай сям’і”. Сусветная рада Цэркваў хоча арганізаваць такую сустрэчу яшчэ ў гэтым годзе.
Генеральны сакратар прызнаў, што “погляды на канфлікт, яго прычыны і шлях да справядлівага міру застаюцца вельмі палярнымі”, і гэта яшчэ больш падкрэслівае “крытычную вартасць намаганняў дзеля стварэння бяспечнай прасторы для дыялогу”.
На думку пастара Пілэя, дыялог павінен распачацца ад спробы “згладзіць унутранаправаслаўны падзел, які адлюстроўвае актуальную геапалітычную канфрантацыю”. А Сусветная рада Цэркваў, як ён нагадаў, паклікана менавіта да таго, каб быць прыладай дыялогу паміж Цэрквамі ў справах, якія іх падзяляюць.
Сусветная рада Цэркваў на сёння аб’ядноўвае 352 пратэстанцкія, англіканскія, праваслаўныя, старакаталіцкія Цэрквы і каталіцкія супольнасці ў больш чым 110 краінах. Каталіцкі Касцёл не з’яўляецца членам рады, а выступае толькі назіральнікам.