Пошук

Сусветны дзень бедных у Рыме. Францішак разам з малазабяспечанымі людзьмі падчас дабрачыннага абеду ў Ватыкане Сусветны дзень бедных у Рыме. Францішак разам з малазабяспечанымі людзьмі падчас дабрачыннага абеду ў Ватыкане  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Нямецкі актор: Францішак – Папа для простых людзей

Франк Арнольд, які агучыў нямецкую версію аўтабіяграфіі Папы Францішка пад назвай Spera (Майце надзею), падзяліўся ўражаннямі ад працы над кнігай і асобы Пантыфіка.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Нягледзячы на тое, што Арнольд выйшаў з пратэстанцкай супольнасці і не лічыць сябе рэлігійным чалавекам, праца над аўдыёверсіяй папскай кнігі істотна паўплывала на яго светапогляд. Пра гэта ён распавёў каталіцкаму інтэрнэт-парталу domradio.de.

Францішак разумее Касцёл з пазіцыі простых людзей

"Францішак – гэта Папа, які глядзіць на свет вачыма простых людзей, і гэта мяне вельмі ўразіла", - падзяліўся нямецкі актор. Паводле яго слоў, асабліва кранальнымі з'яўляюцца тыя месцы ў кнізе, дзе Пантыфік гаворыць пра сваё галоўнае імкненне – разумець Езуса і рэлігію з пазіцыі простых людзей, бедных і адкінутых грамадствам.

Кніга прымушае па-новаму паглядзець на духоўнасць

"Гэтая кніга падштурхнула мяне па-іншаму паглядзець на рэлігійнасць і духоўнасць", - прызнаўся Арнольд. Хоць ён і не плануе вяртацца ў Касцёл, але рэкамендуе кнігу ўсім, хто цікавіцца духоўнымі пытаннямі. "Яна напісана неверагодна пранікнёна і літаратурна прывабна. Аповед пра падзеі з жыцця Папы захапляе і ўражвае", - заўважыў актор.

Кніга Spera выйшла на мінулым тыдні адначасова ў больш чым 80 краінах свету.
 

22 студзеня 2025, 11:05