Расія цэніць пасрэдніцтва Святога Пасада ва ўкраінскім канфлікце
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Дырэктар першага еўрапейскага дэпартамента МЗС РФ Арцём Студзеннікаў у інтэрв'ю дзяржаўнаму інфармацыйнаму агенцтву РИА Новости 13 лютага 2025 года падкрэсліў адкрытасць Масквы да "працягу канструктыўнага дыялогу" са Святым Пасадам.
"Мы высока цэнім тое, што Ватыкан з самага пачатку заняў узважаную і нейтральную пазіцыю ў дачыненні да ўкраінскага канфлікту і актыўна выступае за яго мірнае ўрэгуляванне", - адзначыў расійскі дыпламат.
Важным кірункам расійска-ватыканскага гуманітарнага ўзаемадзеяння з'яўляецца таксама праца па ўз'яднанні дзяцей, эвакуяваных з зоны баявых дзеянняў, з іх сваякамі і законнымі прадстаўнікамі ў Расіі і ва Украіне. Расійскі бок, паводле слоў дыпламата, застаецца адкрытым да працягу канструктыўнага дыялогу.
Міністэрства замежных спраў Расіі таксама станоўча ацаніла намаганні папскага спецыяльнага пасланніка кардынала Матэа Дзупі ў справе абмену ваеннапалоннымі. Дзякуючы яго падтрымцы ў канцы снежня 2024 года і сярэдзіне студзеня 2025 года былі вызвалены 16 параненых расійскіх салдат. Апошні візіт кардынала Дзупі ў Маскву адбыўся ў кастрычніку 2024 года, калі ён сустрэўся з міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым.
Паводле інфармацыі аўстрыйскага каталіцкага агенцтва Kathpress, папа Францішак прызначыў італьянскага кардынала кіраўніком ватыканскай місіі міру для Украіны ў маі 2023 года.