Італьянскі епіскапат супраць "эўтаназіі" рэгіёнаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
139 кардыналаў, арцыбіскупаў, біскупаў і абатаў падпісалі адкрыты ліст да італьянскага ўрада і парламента, дзе асудзілі стратэгію па абыходжанні з тэрыторыямі, якія пакутуюць ад "незваротнага абязлюднення". "Разглядаць гэтыя тэрыторыі з духам, з якім сядаюць ля ложка паміраючага – гэта несправядлівасць у дачыненні да ўсяго народа", - адзначылі яны.
Іерархі падкрэсліваюць, што абязлюдненыя тэрыторыі больш уразлівыя да прыродных стыхій і павялічваюць рызыку экалагічных катастроф. Таксама існуе небяспека страты часткі архітэктурнай спадчыны Італіі.
Замест пасіўнага суправаджэння заняпаду, духоўныя лідары прапануюць канкрэтныя меры: падатковыя льготы для зваротнай міграцыі, гнуткія ўмовы працы, сельскагаспадарчыя інавацыі, устойлівы турызм, аднаўленне закінутых вёсак, пашырэнне інтэрнэту і тэлемедыцыну.
"Жыццё ў гэтых месцах можа не скончыцца, а набыць больш высокую якасць", - сцвярджаюць біскупы, прапануючы дыялог з адказнымі палітыкамі.