Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (2025 Getty Images)

АБСЕ: трывожны рост злачынстваў супраць хрысціян у Еўропе

Міжурадавая справаздача пацвярджае пагаршэнне сітуацыі з дыскрымінацыяй хрысціян у Еўропе, узмоцненае "рэлігійнай непісьменнасцю" і грамадскай варожасцю.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Эксперт па правах чалавека Аня Хофман, выканаўчы дырэктар Венскага даследчага цэнтра па нецярпімасці і дыскрымінацыі супраць хрысціян (OIDAC), папярэдзіла, што злачынствы на глебе нянавісці да хрысціян падсілкоўваюцца "рэлігійнай непісьменнасцю" сярод заходніх чыноўнікаў.

Адсутнасць ведаў стварае праблемы ў рэагаванні на антыхрысціянскія інцыдэнты

"Гэты недахоп асноўных ведаў стварае сур'ёзную праблему ў рэагаванні на антыхрысціянскія інцыдэнты," - патлумачыла Хофман. "Многія маладыя людзі цяпер баяцца публічна дзяліцца сваёй верай, асцерагаючыся пагаршэння магчымасцей для вучобы і працы".

Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), у якую ўваходзяць 57 краін, апублікавала справаздачу да Міжнароднага дня памяці ахвяр насілля на глебе рэлігіі, які адзначаецца 22 жніўня. Хофман адзначыла, што нядаўнія "шакуючыя дзеянні" супраць месцаў культу пацвердзілі "пагаршэнне антыхрысціянскага клімату", які вымушае храмы заставацца зачыненымі па-за часам набажэнстваў.

Ад графіці і вандалізму да пагроз, нападаў і забойстваў

У сваёй 129-старонкавай справаздачы АБСЕ паведаміла, што інцыдэнты вар'іруюцца ад "графіці і вандалізму да пагроз, фізічных нападаў і забойстваў" і пагражаюць "шырэйшаму міру і стабільнасці", але звычайна "прымяншаюцца, недастаткова асвятляюцца або палітычна ігнаруюцца".

Сярод задакументаваных выпадкаў – каталіцкі святар у Іспаніі, які атрымаў пагрозы смерці, і напад у Альхесірасе, які прывёў да смерці міністранта ў студзені 2023 года. Хофман адзначыла, што падпалы касцёлаў сталі частымі, як, напрыклад, у Сэнт-Амеры на поўначы Францыі, дзе ў верасні 2024 года быў падпалены гістарычны касцёл.

Шакуючая варожасць да студэнтаў з хрысціянскімі перакананнямі

"Мы пастаянна чуем ад студэнтаў пра шакуючую варожасць, калі яны выяўляюць хрысціянскія або пра-лайфавыя перакананні, - сказала дырэктар OIDAC. - Тыя, хто адказвае за гэта, павінны рабіць больш для забеспячэння адкрытых дэбатаў, каб хрысціяне маглі свабодна выяўляць свае погляды".

АБСЕ заклікала да "комплекснай унутранай адукацыйнай палітыкі" і "кампаній па павышэнні інфармаванасці" для вырашэння прычын антыхрысціянскай прадузятасці. У дадатках да справаздачы прыводзяцца тлумачэнні хрысціянскай гісторыі і свят для еўрапейскіх праваахоўных органаў.

Свабода цяпер часта пад пагрозай

Хофман заявіла, што вітае заклік, які гучыць у справаздачы АБСЕ да даследавання матываў антыхрысціянскай варожасці. "Большасць людзей тут, асабліва маладыя, адкрытыя да хрысціянскіх ідэй – мы не павінны адчуваць расчараванне ад сённяшніх малых, але галасістых антырэлігійных груп," - сказала яна.

У сваёй апошняй справаздачы OIDAC зафіксавала рэкордныя 2 444 злачынствы на глебе нянавісці да хрысціян у 35 еўрапейскіх краінах у 2023 годзе. Францыя застаецца найбольш пацярпелай, з 950 зарэгістраванымі злачынствамі, за ёй ідуць Англія і Уэльс – з 702, і Германія – з 277.
 

28 жніўня 2025, 10:19