Дэмакратычная Рэспубліка Конга: забіты дзясяткі мірных жыхароў
Марыя Валодзіна - Vatican News
Як паведаміла OSV, разня адбылася на тэрыторыі каталіцкай парафіі святога Юзафа. Многія ахвяры былі забіты падчас удзелу ў пахаванні. Сярод загінулых ёсць жанчыны і дзеці. Забойцы выкарыстоўвалі агнястрэльную зброю і малаткі, палілі дамы.
Мясцовыя ўлады пачалі пахаванні ахвяр і ўвялі новыя меры бяспекі. Біскуп Мельхісэдэк Сікулі Палука выказаў сваю духоўную блізкасць "усім сем'ям, якія пацярпелі ад гэтай чарговай і жудаснай бойні".
Адказная за злачынства ўзброеная групоўка была створана ў Угандзе ў 1995 годзе і ў цяперашні час дзейнічае ў горным рэгіёне паміж Угандай і Конга. Яна вярбуе дзяцей-салдат, здзяйсняе напады, калечыць і забівае жанчын і дзяцей. У 2019 годзе групоўка прысягнула на вернасць "Ісламскай дзяржаве" і актывізавала сваю злачынную дзейнасць.
Групоўка нясе адказнасць за шэраг масавых забойстваў ва ўсходняй частцы Конга, якія характарызаваліся крайняй жорсткасцю ў дачыненні да грамадзянскіх асоб, асабліва хрысціян. У апошні час у рэгіёне здарылася некалькі падобных злачынстваў: прынамсі 43 чалавекі, у тым ліку дзеці, былі забітыя 27 ліпеня 2025 года ў выніку жорсткага начнога нападу на касцёл у Камандзе, на ўсходзе ДРК, а ў лютым 2025 года больш за 70 цел былі знойдзены ў пратэстанцкай царкве у Любэра.
Сітуацыю ва ўсходняй частцы Конга можна ахарактарызаваць як жудасную. Гвалт узмацніўся ва ўсім рэгіёне Паўночнага і Паўднёвага Ківу, што прывяло да масавага перамяшчэння насельніцтва і сур'ёзнага гуманітарнага крызісу. Напады працягваюцца, нягледзячы на ваеннае становішча і значную прысутнасць узброеных сіл, - паведамляе OSV з спасылкай на Папскую дабрачынную арганізацыю “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” (Aid to the Church in Need).
Канфлікт у ДРК працягваецца ўжо больш за 30 гадоў, пачынаючы з генацыду ў Руандзе ў 1994 годзе. Баявыя дзеянні абвастрыліся ў пачатку 2025 года, калі паўстанцы руху М23 гвалтоўна захапілі Гому і Букаву.
Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Конга асудзіла забойствы і выкраданні людзей, назваўшы іх "агіднымі масавымі забойствамі", якія здзяйсняюцца супраць нявінных вернікаў.