Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Канстытуцыя і сумленне: кардынал Олерыш аб праве на жыццё

Арцыбіскуп Люксембургскі выказаў занепакоенасць наконт ініцыятывы запісу ў Асноўны закон краіны права на перапыненне цяжарнасці, бачачы ў гэтым рысы таталітарызму і пагрозу свабодзе слова.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У сувязі з парламенцкай дыскусіяй аб запісе ў Канстытуцыі так званага "права на добраахвотнае перапыненне цяжарнасці і права на кантрацэпцыю", перад наступствамі гэтага кроку перасцярог сваіх суайчыннікаў кардынал Жан-Клод Олерыш.

Фармулёўка, якая прапануецца, свядома створаная паводле французскага ўзору. Францыя як першая краіна ў свеце ў сакавіку 2024 года ўнесла ў канстытуцыю права на перапыненне цяжарнасці.

Каталіцкі Касцёл рашуча перасцярог ад змены Канстытуцыі. У інтэрв'ю для радыё “RTL” кардынал Олерыш сцвердзіў, што гэта быў бы "сумны дзень у гісторыі Люксембурга" і выказаў занепакоенасць тым, што запіс права на аборт "можа падштурхнуць людзей да правых палітычных поглядаў і экстрэмізму".
Ліберальная дэмакратыя з рысамі таталітарнай сістэмы

Іерарх падкрэсліў, што замацаванне такога права ў Асноўным законе азначала б "навязванне адной пазіцыі" ўсяму грамадству, не пакідаючы прасторы для альтэрнатыўных поглядаў. "Калі няма больш свабоды слова, (...) то мы маем ліберальную дэмакратыю, якая набыла рысы таталітарнай сістэмы", - перасцярог Олерыш.

Паводле даступных даных, у 2023 годзе ў Люксембургу было праведзена 713 абортаў. Гэта складае рост у параўнанні з папярэднімі гадамі. З паказчыкам нараджальнасці, які складае толькі 1,25 дзіцяці на жанчыну, Люксембург належыць да краін з найніжэйшым паказчыкам у Еўропе.
 

26 верасня 2025, 09:57