Прадстаўнік Папы едзе на форум рэлігій у Астану
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Кардынал Джордж Коавакад, прэфект Дыкастэрыі па міжрэлігійным дыялогу, прадставіць Каталіцкі Касцёл на VIII Кангрэсе кіраўнікоў сусветных і традыцыйных рэлігій, які пройдзе ў Астане з 17 па 18 верасня 2025 года. Як паведаміла Міністэрства замежных спраў Казахстана, у форуме пад старшынствам прэзідэнта Касым-Жамарта Такаева возьмуць удзел больш за 100 дэлегацый з каля 60 краін.
Разам з прадстаўніком Святога Пасада ў кангрэсе ўдзельнічаюць высокапастаўленыя лідары ісламу, будызму, юдаізму, індуізму, даасізму, зараастрызму і сінтаізму. Галоўная тэма сустрэчы – "Дыялог рэлігій – сінергія для будучыні".
"Мэта канферэнцыі – праз абмен паміж рэлігіямі паказаць новыя шляхі для мірнай і супрацоўніцкай будучыні", - адзначылі арганізатары. На парадку дня – абмеркаванне вайны ва Украіне, канфлікту ў Сектары Газа, праблем глабальнай беднасці і кліматычных змен.
Прэзідэнт Казахстана адкрые пленарнае пасяджэнне ў сераду ў Палацы Незалежнасці. У чацвер удзельнікі будуць працаваць у малых групах і ў рамках форуму маладых рэлігійных лідараў па тэме "Моладзь за мірнае суіснаванне".
Кангрэс, заснаваны ў 2003 годзе пасля тэрактаў 11 верасня ў ЗША, праводзіцца кожныя тры гады. У верасні 2022 года на канферэнцыю прыязджаў Папа Францішак. Тады ўдзельнікі выступілі супраць рэлігійнага экстрэмізму і тэрарызму, заклікалі да талерантнасці і ўзаемнай павагі паміж народамі і рэлігіямі.
Заключная дэкларацыя кангрэса будзе перададзена Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, як гэта адбывалася на папярэдніх форумах. Сёння, 16 верасня 2025 года, у Астане пройдзе канферэнцыя па абароне рэлігійных святынь свету пад эгідай Альянсу цывілізацый ААН.