Чаканне Папы: у Святой Зямлі неабходны адпаведныя ўмовы
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
"Сітуацыя ў Газе з'яўляецца сапраўднай катастрофай. Наступствам стала глыбокае чалавечае спусташэнне, а таксама знікненне ўсякай чалавечнасці ва ўзаемаадносінах паміж ізраільцянамі і палесцінцамі. Цяпер паміж імі няма ні даверу, ні элементарнай чалавечай цікавасці адно да аднаго", - падкрэсліў кардынал П'ербатыста Піцабала.
На пытанне пра магчымае выйсце, іерарх адказаў: "Мы як Касцёл невялікія, не маем сур’ёзнага ўплыву на рашэнні. Адзінае, што могуць вернікі – маліцца і аказваць гуманітарную дапамогу. Таксама важна падтрымліваць міжнародны ціск праз СМІ".
Мэта – дапамагчы ўсім, не толькі хрысціянам
З больш чым 450 хрысціян, якія засталіся ў Газе, толькі каля дзесяці чалавек пакінулі тэрыторыю. "Мы спрабуем дапамагаць ім і дастаўляць медыцынскія сродкі. Пры гэтым мы хочам дапамагаць як мага большай колькасці людзей, не толькі хрысціянскай супольнасці", - падкрэсліў іерарх.
Разважаючы пра лёс хрысціянскай супольнасці, кардынал Піцабала з горыччу заўважыў: "У сённяшняй сітуацыі немагчыма зразумець, што сапраўды адбываецца і ў якім кірунку рухаюцца падзеі. На жаль, адзіныя галасы, якія выразна гучаць зараз – гэта галасы экстрэмістаў. Нам, як людзям веры, хацелася б дарыць слова надзеі, але ў такіх абставінах гэта надзвычай складана".
Касцёл дапамагае ў пасрэдніцтве, але не пасрэднічае напрамую
На пытанне пра магчымы візіт Льва XIV у Святую Зямлю Патрыярх падкрэсліў: "Для гэтага павінны быць адпаведныя ўмовы: палітычныя, грамадскія і рэлігійныя. Перш чым гаварыць пра візіт Папы, мы павінны папрацаваць над тым, каб у Святой Зямлі склаўся спрыяльны клімат".
Кардынал таксама адзначыў, што Леў XIV праяўляе такую ж салідарнасць і цікавасць да Святой Зямлі, як і яго папярэднік: "Папа рэгулярна кантактуе з супольнасцю ў Газе і публічна выказваецца пра нашу сітуацыю".
На пытанне, ці не мог бы Святы Айцец прыбыць як "пасрэднік" для дасягнення міру, кардынал Піцабала адказаў: "Задача Касцёла не ў тым, каб пасрэднічаць напрамую, а ў тым, каб дапамагаць у пасрэдніцтве".
У рамках Святога 2025 года Патрыярхат Іерусаліма абвясціў спісанне даўгоў для сем'яў, якія не могуць аплаціць навучанне ў каталіцкіх школах, што складзе каля 2,5 мільёнаў еўра.