Пошук

Ян Павел ІІ. Ілюстрацыйнае фота Ян Павел ІІ. Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Ян Павел ІІ у аб’ектыве фотаапарата: юбілейная выстава ў Рыме

З нагоды Юбілейнага года ў Замку Святога Анёла каля Ватыкана адкрылася фотавыстава сусветна вядомага фатографа Джані Джансанці, прысвечаная святому Яну Паўлу ІІ.

Ян Глінскі

Больш за 40 фатаграфій распавядаюць пра розныя моманты жыцця Пантыфіка, запрашаючы наведвальнікаў згадаць пра пантыфікат, які пакінуў след не толькі ў гісторыі Касцёла, але і ў сучаснай візуальнай камунікацыі.

Італьянскі фатограф Джані Джансанці ў сваіх здымках, якія ў 1988 годзе атрымалі прэстыжную прэмію “World Press Photo Award”, увекавечыў як афіцыйныя, так і прыватныя моманты з жыцця Папы, ствараючы глыбокі і кранальны партрэт.

“Гэтая выстава – не проста калекцыя фатаграфій, а падарожжа ў свет пантыфікату, які, як ніколі раней, здолеў перадаваць пасланне праз выявы”, - адзначыла куратар выставы Іларыя Ск’яфіні, прафесар гісторыі фатаграфіі Рымскага ўніверсітэта “La Sapienza”.

“Менавіта ў гэтым моц творчасці Джансанці: фатаграфія становіцца ўніверсальнай мовай, здольнай расказаць гісторыю такой складанай і адначасова дасяжнай постаці, як Ян Павел II”, - патлумачыла даследчыца, адзначыўшы падвойную каштоўнасць праекта: з аднаго боку, паказваецца, як фатограф праз аб’ектыў можа ўлавіць тоеснасць чалавека, а з іншага – раскрыць пачатак перыяду, калі Ян Павел ІІ стаў сімвалам міру і дыялогу ў сусветных СМІ.

Па словах Іларыі Ск’яфіні, “адным з самых уражлівых вобразаў усяго пантыфікату” з’яўляецца здымак, зроблены падчас замаху на Папу і прадстаўлены на выставе: “у ім адлюстроўваецца і слабасць, і стойкасць, зафіксаваныя ў адзін і той жа момант”.

Іншую гістарычную фатаграфію Джансанці зрабіў у лютым 1986 года ў Калькуце, увекавечыўшы Яна Паўла II побач з Маці Тэрэзай. “На ёй знаходзяцца дзве ўніверсальныя фігуры веры і любові ў адным кадры, здольныя гаварыць па-за рэлігійнымі межамі, становячыся іканаграфічнай спадчынай чалавецтва”, - пракаментавала Ск’яфіні.

На экспазіцыі вылучаецца фатаграфія з апостальскага падарожжа Яна Паўла ІІ у Літву ў верасні 1993 года. Гэты здымак, які адлюстроўвае сустрэчу Папы з народам, што нядаўна выйшаў з-пад савецкага панавання, мае “палітычныя і духоўныя вымярэнні”: ён паказвае “не толькі падзею, але таксама надзею і свабоду, якія адчулі народы, што былі ў складзе Савецкага Саюза”.

Партрэт Яна Паўла ІІ дапаўняюць фатаграфіі з яго паўсядзённага жыцця ў Апостальскім палацы. Па словах Ск’яфіні, паказаць Папу ў такім святле – адлюстроўваючы яго ў першую чаргу як асобу, а не як лідара Касцёла – было інавацыйным рашэннем для таго часу і спрыяла змене грамадскай думкі. Джансанці меў здольнасць “спалучаць сакральнасць постаці Папы і яго паўсядзённую чалавечнасць”. Дзякуючы яго творам, публіка можа ўзаемадзейнічаць з адной з самых уплывовых і харызматычных фігур нашага часу.

Унікальная выстава пад назвай “Ян Павел II – чалавек, Папа і святы на фатаграфіях Джані Джансанці” будзе адкрыта для наведвальнікаў да 30 лістапада 2025 года.
 

19 верасня 2025, 09:16